Тры дні і ночы на дошках
Найбольшую трывогу выклікае стан беларускіх ізалятараў часовага ўтрыманьня. У нашы дні кожны можа быць кінуты на пэўны час у фантастычную камэру, дзе ўбачыць толькі дошкі, на якіх патрэбна будзе спаць. Гэткія дошкі называюцца “нарамі”. Сьцены камэры белыя, аднак яны больш чорныя ад дыму цыгарэт. У куце стаіць фантастычная сьметніца з плястык у, куды адпраўляюць натуральныя патрэбы. У камэры стаіць жудасны смурод. Праз маленькае вакенца часам даходзіць сонечны прамень, а сьвятла лямпачкі не хапае нават дзеля таго, каб чытаць газэту. З раніцы затрыманым падаюць цэлы кубачак гарачай вады. У абед на першае і другое прыносяць нешта поснае з мясцовай сталоўкі. А на вечар, каб не пераядаліся – аналягічны кубачак з такой ужо да глыбіні душы знаёмай гарачай вадою. Тэмпература ў камэры ўстановы амаль што не адрозьніваецца ад тэмпературы навакольнага асяродзьдзя. Нават ўвосень можа быць халадней (удзень).
Так выглядае ізалятар часовага ўтрыманьня Вараноўскага РАУС. Сярэднявечча за 70 км. ад прыстойнай эўрапейскай сталіцы Вільні. Тут невядома нават такое вынаходніцтва як электрычны імбрык. Бо вада грэецца на электраплітцы. Памыцца можна два разы ў суткі толькі халоднай вадой у агульнай прыбіральні. Аднак ізалятар літаральна перапоўнены багатай фаўнай насякомых: папуляцыямі блохаў, вашэй ды іншых аматараў харчаваньня чалавечым потам, валасамі, тлушчам з потавых залозаў. Раённы суд выносіць выракі толькі адміністрацыйнага затрыманьня. Аднак не ўтрыманьня жывых Homa sapiens’аў cromanionsis’аў у нялюдзкіх умовах. Адзін з міліцэйскіх прапаршчыкаў багатую фаўну паразытычных насякомых ізалятара назваў мнагалікімі партызанамі. Цікава. Навошта такія партызанскія атрады ўтрымоўваць у ізалятары.
Незвычайна камічна выглядала маё затрыманьне. Раённыя ўлады атрымаўшы загад зьверху да такой ступені застрахаваліся, што накіравалі белую “Ніву” з супрацоўнікамі магутных службаў. Больш таго. Мяне абвінавацілі ў крадзяжы … 7 кіль(!) бульбы. Справа выглядала на справу аб трох ка"ласкох эпохі сумнавядомага Іосіфа Вісарыёнавіча. Аднак, ім такім арыгінальным чынам спатрэбілася легітымізаваць маё затрыманьне з мэтай недапушчэньня ўдзелу ў “Эўрапейскім маршы”. Як толькі скончыўся “Эўрапейскі марш” – мяне адразу адпусьцілі. Міліцыянты проста ў твар адкрытым тэкстам казалі, што яны рабы, што іх выкарыстоўваюць усемагутныя службы. Што яны вымушаны выконываць абсурдны загад па затрыманьню і ізаляцыі мяне. Некалькі разоў далі зразумець, хто кіраваў усёй гэтай бруднай справай. Больш таго, выразна мне далі зразумець,што далёка не цалкам падтрымліваюць маразматычныя загады, аднак вымушаны іх выконваць.
Віталь Куплевіч.
Вараноўскі раён, Гарадзеншчына.