Тыпова беларуская дыскрымінацыя
У Рэчыцкім ЗАГСе за шлюбную цырымонію па-беларуску з маладых патрабуюць дадатковыя грошы.
Чыноўнікі з Рэчыцы ў чарговы раз абверглі дэклараванае ўладамі Беларусі раўнапраўе дзвюх дзяржаўных моваў, паведамляе Наша Ніва.
Рэчычанін Яўген Маркоўскі, прызначаючы рэгістрацыю свайго шлюбу ў мясцовым ЗАГСе, выказаў пажаданне, каб урачыстая цырымонія праходзіла паводле звычайнага сцэнарыя, але на беларускай мове. Загадчыца аддзела Алена Грушанава прапанавала яму за тое, каб правесці рэгістрацыю па-беларуску, дадаткова да сумы пошліны ў 180 тысяч, якая спаганяецца за рэгістрацыю шлюбу і праводзіцца на расійскай мове, аплаціць асобнай квітанцыяй яшчэ 140 450 рублёў за беларускую мову. На пытанне Яўгена, за што трэба плаціць гэтыя дадатковыя грошы, чыноўніца адказала, што, паводле рашэння мясцовага выканкама, зацверджаны адзін стандартны сцэнарый цырымоніі рэгістрацыі шлюбу, які распрацаваны толькі на расійскай мове, а ўсе адступленні ад яго з’яўляюцца дадатковымі паслугамі, за якія прадугледжаная дадатковая аплата паводле спецыяльнага прэйскуранту, таксама зацверджанага райвыканкамам.
У мітусні падрыхтоўкі да вяселля Яўген палічыў мэтазгодным заплаціць гэтыя грошы. Цырымонія сапраўды была праведзеная па-беларуску, прычым, як адзначае сам Яўген, на даволі высокім узроўні. Аднак, калі вясельныя жарсці ўлегліся, маладзён вырашыў разабрацца: чаму ў дзяржаве, дзе абедзве дзяржаўныя мовы, паводле ўсіх законаў, маюць быццам бы аднолькавы раўнапраўны статус, шлюбная цырымонія на першай дзяржаўнай мове каштуе больш, чым на другой, калі іншых адрозненняў няма.
Яўген Маркоўскі звярнуўся з гэтым пытаннем у мясцовую газету «Дняпровец». Але адтуль яму прыйшоў адказ за подпісам А. В. Дудкінай, галоўнага спецыяліста аддзела ЗАГС Рэчыцкага райвыканкама па выніках разгляду яго звароту ў гэтым аддзеле, куды газета накіравала скаргу. У ім паўтараецца тое ж самае, што тлумачыла загадчыца перад цырымоніяй. Аніякага сур’ёзнага абгрунтавання, акрамя спасылак на нейкія рашэнні Рэчыцкага райвыканкама, якімі былі зацверджаныя адзіны расійскамоўны сцэнарый і кошты дадатковых паслуг, Яўген так і не атрымаў.
«Рашэннем старшыні Рэчыцкага раённага выканаўчага камітэта № 417-ро ад 29.08.2007 г. зацверджаны сцэнарый забеспячэння ўрачыстых абставінаў пры рэгістрацыі шлюбу на рускай мове. Дапаўняльныя паслугі, якія аказваюцца аддзелам ЗАГС райвыканкама па распрацоўцы індывідуальнага сцэнарыя з улікам пажадання маладых людзей, якія бяруцца шлюбам, зацверджаны распараджэннем старшыні Рэчыцкага раённага выканаўчага камітэта ад 24.07.2012 г. № 194», – гаворыцца ў адказе спецыяліста.
– Мне не шкада тых ста сарака тысяч, – гаворыць Яўген Маркоўскі. – Але сам факт таго, што ў афіцыйных дзяржаўных органах Беларусі дапускаецца такая відавочная і нахабная дыскрымінацыя беларускай мовы, папросту абурае. А найбольш сумна, што дзяржаўныя чыноўнікі не бачаць у гэтым нічога кепскага. Яны зацвердзілі адзін сцэнарый цырымоніі адной з галоўных урачыстасцяў у любой сям’і на адной мове, прычым на той, якая навязаная нам з суседняй краіны, а пра тое, што ў Беларусі ёсць і беларускамоўныя грамадзяне, чые правы такім чынам парушаюцца, нават думаць не жадаюць.
Гэта ўжо другі падобны выпадак у Рэчыцы. У 2013 годзе работнікі ЗАГСа прапанавалі аплаціць дадатковую квітанцыю за мову яшчэ адной пары, якая хацела, каб рэгістрацыя іх шлюбу адбывалася па-беларуску. Але тады ў маладых не было часу на дадатковае наведванне банка, таму яны гэтыя грошы не заплацілі. Супрацоўнікі ЗАГСа правялі для іх цырымонію па-расійску.
Такое стаўленне дзяржаўных органаў Беларусі да гарантаванага Канстытуцыяй і Законам аб мовах раўнапраўя дзвюх дзяржаўных моваў паказвае, што насамрэч аніякага раўнапраўя чыноўнікі не прызнаюць. Яны звычайна ўсяляк імкнуцца падкрэсліць тое, што, нягледзячы на прыгожыя запісы ў заканадаўстве, фактычна беларуская мова ў Беларусі мае значна ніжэйшы статус за расійскую.
Пакінуць новы каментар