Удзельнікі праграмы К.Каліноўскага: Аляксей Трубкін

Выпускнік праграмы, магістар беларусазнаўства Аляксей Трубкін распавядае пра сваю вучобу ў Беластоцкім універсітэце ў Польшчы.

 
"Я ехаў у Варшаву з цікавасцю і захапленнем, з гонарам, што стаў каліноўцам. Але з іншага боку трохі хваляваўся, бо не ведаў, ці дам рады з вучобай, збольшага з-за моўнага бар’ера, бо польская мова хоць і шмат у чым падобная да беларускай, але ўсё ж такі іншая".
 

Вывучаць родную мову за мяжой

 
Хацеў бы адзначыць, што абраў факультэт беларусістыкі (беларусазнаўства) свядома. У Беларусі гэта мог быць факультэт гісторыі, але вывучаць польскую гісторыю не надта хацелася, таму абраў беларусістыку. Што да экзатычнасці вывучэння беларускай мовы за мяжой, трэба ўлічваць беларускія рэаліі. У краіне з афіцыйным “дзвюхмоўем” праводзіцца татальны “лінгвацыд” на карысць рускай мовы, беларуская мова дыскрымінуецца і вынішчаецца на дзяржаўным узроўні.
 
Шмат людзей, якія, у тым ліку, займаюць дзяржаўныя пасады і нібы абавязаныя ведаць беларускую і рускую мовы, літаратурнай рускай мовай добра не валодаюць, не кажучы ўжо пра беларускую. Таму мне захацелася атрымаць дыплом менавіта па гэтай спецыяльнасці, зрабіўшы сімвалічны ўнёсак на карысць беларушчыны.
 
Вяртаючыся непасрэдна да навучання, адзначу, што практычная беларуская мова была толькі адным са шматлікіх прадметаў, сярод іх “Замежная літаратура”, “Гісторыя беларускай літаратуры”, “Стараславянская мова”, “Англійская мова”, “Логіка”, “Гісторыя Беларусі” ды шмат чаго іншага, таму сумаваць не даводзілася.
 
Калі казаць пра тое, які з прадметаў больш за ўсё запомніўся, хочацца адзначыць “Гісторыю Беларусі". Гэты прадмет у нас выкладалі Яўген Мірановіч і Алег Латышонак, вядомыя беларускія гісторыкі, лекцыі якіх мне пашчасціла наведваць.
 
 

Студэнцкая актыўнасць

 

 
Студэнты, якія навучаліся разам са мной паходзілі з Беласточчыны, былі сярод іх і выпускнікі навучальных устаноў з беларускай мовай навучання з Бельска Падляшскага і Гайнаўкі. Шмат хто з іх абралі гэтую спецыяльнасць, бо ўжо ведалі беларускую мову і былі зацікаўленныя Беларуссю і беларушчынай. Для некага беларусістыка была перспектывай працы ў беларускамоўных СМІ, напрыклад, у беластоцкай беларускамоўнай газеце “Ніва” ці на “Радыё Рацыя”, для некага гэта перакладчыцкая дзейнасць і г.д.
 
Адназначна, што шмат хто з выпускнікоў праграмы імя Каліноўскага зойме сваё годнае месца ў асяродку беларускай эліты і будзе працаваць на карысць Бацькаўшчыны. Бо ўжо цяпер шмат хто з былых каліноўцаў працуе ў інфармацыйнай сферы, напрыклад, на тэлебачанні “Белсат” ці на “Еўрарадыё”. Сярод каліноўцаў я сустрэў шмат актыўных, цікавых людзей, сапраўдных патрыётаў Беларусі.
 
Мне падаецца я апраўдаў чаканні, ускладзеныя на мяне як аднаго з каліноўцаў, скончыўшы вучобу і атрымаўшы дыплом. Немалаважна тое, што падчас вучобы я меў магчымасць удзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны, з-за чаго нават некалькі разоў беспадстаўна затрымліваўся, напрыклад падчас моладзевага летніка пад Валожынам, на Крапівеньскім полі на святкаванні “Дня беларускай вайсковай славы” пад Воршай, а таксама на адной з “маўклівых акцый” у сваім родным Наваполацку.
 
Канешне, студэнты-каліноўцы заўсёды адрозніваюцца сваімі драматычнымі гісторыямі, якія найчасцей звязаны з іх асабістай грамадска-палітычнай актыўнасцю ці з актыўнасцю некага з іх родзічаў, якая перашкодзіла, а некаторым увогуле не дазволіла атрымаць вышэйшую адукацыю, у выключных выпадках нават вымусіла з’ехаць з Беларусі.
 
Шмат у якіх грамадска-палітычных акцыях мне пашчасціла паўдзельнічаць падчас навучання ў Польшчы, якія пераважна былі арганізаваныя “Беларускай Нацыянальнаяй Памяццю". Я і яшчэ некалькі хлопцаў, якія навучаліся ў Беластоку па праграме імя Кастуся Каліноўскага, фактычна былі мясцовым аддзяленнем БНП. Асабіста я ладзіў некаторыя з мерапрыемстваў і сам з задавальненнем у іх удзельнічаў. Сярод іх лыжныя выправы да вёскі Мастаўляны, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, роварны прабег у гонар Булак-Балаховіча, пошук і ўшанаванне пахаванняў беларускіх грамадска-палітычных дзеячаў.
 
 

Ехаць ці заставацца?

 

 
На жаль, з Беларусі зараз “выцякаюць” не толькі “мазгі”, але і “рукі”. Не ведаю, ці ёсць у Беларусі хоць адзін чалавек, у якога хтосьці з крэўных, сяброў ці знаёмых не з’ехаў у Расію, Еўропу, ЗША. У гэтым пытанні цяжка нешта прапаноўваць ці радзіць, гэта асабістая справа кожнага. Можна доўга разважаць “ехаць ці заставацца”, але я ўпэўнены ў тым, што калі чалавек – сапраўдны спецыяліст і патрыёт, ён будзе працаваць і прыносіць карысць Бацькаўшчыне, дзе б ні быў. Яскрава гэта падцвярджае жыццёвы шлях нашага вялікага асветніка Францыска Скарыны, які да гэтага часу застаецца найлепшым прыкладам для нас усіх.
 
Дыплом важны для мяне, перадусім, з асабістага пункту гледжання, бо ён заўсёды будзе прыгадваць мне пра незабыўныя гады вучобы ў Беластоцкім універсітэце, гэта выніковая адзнака за мае высілкі, якія я прыклаў да таго, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. На практыцы, дыплом дапамог мне ўладкавацца на “Радыё Рацыя”.
 
Паводле http://www.adukacyja.info/

 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку