Уладзімера Кацору асудзілі на 7 сутак арышту
Судзьдзя Аляксандар Косьцікаў прызнаў актывіста вінаватым у парушэньні закону аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Нагадаем, апоўдні 13 лютага ў офісе Гомельскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі адбыўся ператрус. Міліцыянеры шукалі незаконна вырабленыя ўлёткі, у якіх распавядаецца пра тое, што днямі мясцовыя ўлады забаранілі сустрэчу жыхароў горада з лідэрам руху “За свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам.
Як паведаміў радыё Рацыі актывіст дэмакратычнага руху Кастусь Жукоўскі, падставай дзеля ператрусу сталі ўлёткі, якія напярэдадні ў цэнтры гораду раздавалі мінакам актывісты дэмакратычнага руху Уладзімер Шумілін і Андрэй Аляшкевіч. У іх было канфіскавана каля тысячы ўлётак. Юнакі паказалі, што атрымалі ўлёткі з рук кіраўніка офісу АГП Уладзімера Кацоры. Таму астатнія інфармацыйныя бюлетэні міліцыянеры вырашылі пашукаць у офісе АГП.
Аднак, паводле Жукоўскага, - безвынікова. Тым ня менш, Уладзімера Кацору затрымалі і даставілі ў Савецкі РАУС, а затым і ў суд Савецкага раёну Гомеля.
Затрыманых юнакоў аштрафавалі на 30 базавых велічынь кожнага.
Паводле Радыё Рацыя