Улады Украіны прызначылі пажыццёвую дапамогу бацькам героя-беларуса
Бацькі героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызнеўскага Ніна Васільеўна і Міхаіл Пятровіч вярнуліся з Кіева, дзе афіцыйна адзначалася другая гадавіна пачатку Еўрамайдану.
На сустрэчы з бацькамі Міхаіла Жызнеўскага ўкраінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка заявіў, што Майдан змяніў гісторыю ня толькі Украіны, але і Еўропы і свету, паведамляе Радыё Свабода.
Нечаканасцю для бацькоў была заява прэзідэнта Украіны пра адмысловую стыпендыю:
«Парашэнка сказаў, што нам пажыццёва будзе выплачвацца стыпендыя імя Міхася Жызнеўскага. Якая — гэта ужо будзе вызначаць Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі Украіны».
Ніна Васільеўна кажа, што удзячная кіраўніцтву Украіны за увагу і клопат, але дапамога кожны раз будзе нагадваць, што за гэта сын заплаціў сваім жыццём:
«Ня трэба былі б ні званні, ні стыпендыі, абы толькі Міша быў жывы.Гэта мой боль, гэта мая мука. І адчуваю, што кожны раз, калі буду атрымліваць гэтыя грошы, проста ня будзе сілы пад імі ставіць подпіс, ведаючы, што за імі — заплачанае жыццё сына. І мне гэта надзвычай цяжка».
Бацькі ў Кіеве пабывалі на месцы гібелі сына на вуліцы Грушэўскага і каля ўсталяванага паблізу украінскімі ўладамі мемарыяльнага помніка яму, павесілі гірлянду і усклалі кветкі. Родныя герояў Нябеснай Сотні запалілі знічы.
Міхаіл Пятровіч заўважае, што ва Украіне героям Нябеснай Сотні прысвячаюць багата вершаў, песень. Згадваюць і пра іхняга Мішу. Бацька разгортвае кніжку і чытае верш Мікалая Гуцулякі, напісаны па-расейску:
Пусть украсят на фресках
Украинский Майдан
Белорусский Жизневский,
Армянин Нигоян.
Бацькі Міхаіла ня лічаць, што бліжэйшым часам тут, у Гомелі, нешта зменіцца ва ушанаванні памяці Мішы, бо без каманды зверху ні ў школе, ні ў спартовым клюбе, дзе ён займаўся, ні ў іншым месцы ніхто не асмеліцца пачапіць нават фатаздымак з ягонай біяграфіяй, а ня тое што аформіць стэнд ці нейкі адмысловы куток.
Жызнеўская распавяла таксама, што праз актывістаў яна пазнаёмілася з адкрытым лістом народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі ў абарону яе сям’і. Маці героя Нябеснай Сотні надзвычай удзячная Зінаідзе Аляксандраўне, усім іншым беларусам і украінцам за добрыя словы і памкненні — у іх ёсць і спадзеў на сапраўды народную памяць па сыну.
Пакінуць новы каментар