У акцыі каля Савецкага суду бяруць удзел больш за 400 чалавек

Больш за 400 чалавек прыйшлі сёння да суду Савецкага раёна Менска, каб выказаць пратэст суду над актывістамі арганізацыі “Малады Фронт”. Людзі скандуюць апазіцыйныя лозунгі, трымаюць у руках партрэты падсудных, расцяжкі “Свабоду маладафронтаўцам!”, плакаты “Патрабуем справядлівага суду!”, “Дзе тут праўда?”, “Абаронім дзяцей ад гвалту”.

Будынак суду ачэплены супрацоўнікамі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння, якія не дазваляюць актывістам праводзіць акцыю ля вокнаў судовай залы, дзе праходзіць разгляд справы “маладафронтаўцаў”.

У залу паседжанняў прапусцілі адвакатаў, замежных дыпламатаў і журналістаў. Вядома, што ў залу здолеў таксама прайсці лідэр руху “За свабоду!” Аляксандр Мілінкевіч.

Крымінальная справа супраць Змітра Хведарука, Барыса Гарэцкага, Алега Корбана, Аляксея Янушэўскага, і Насты Палажанкі ўзбуджаная за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі па артыкуле 193-1 КК РБ.

Чатыры разы моладзевы рух рабіў спробу зарэгістравацца і чатыры разы атрымліваў адмову. Апошнім разам Упраўленне юстыцыі Менгарвыканкама спаслалася на неадпаведнасці ў статуце і адмовіла “Маладому Фронту” ў дзяржаўнай рэгістрацыі напярэдадні судовага працэсу.