У ахвяраў катаванняў ёсць твары
У апошнія гады жорсткае абыходжанне і катаванні сталі звычайнай рэччу ў сучаснай Беларусі. Міжнародны дзень падтрымкі ахвяраў катаванняў адзначаецца ва ўсім свеце 26 чэрвеня. У Беларусі яму надаецца непараўнальна менш увагі, чым, скажам, Дню ПДВ або Дню памежніка. Між тым, Беларусь з'яўляецца падпісантам Канвенцыі ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. У жніўні 2009 г. Рэспубліка Беларусь прадставіла чацвёрты перыядычны даклад аб мерах па выкананні абавязацельстваў. У гэтым дакладзе гаворыцца шмат аб прывядзенні законаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з Канвенцыяй, аб паляпшэнні матэрыяльна-побытавых умоваў у месцах пазбаўлення волі і следчых ізалятарах, аб стварэнні ўмоваў утрымання, адпаведных міжнародным стандартам, аб прафілактыцы і барацьбе з сухотамі і СНІДам, і іншых дасягненнях Беларусі ў галіне прадухілення катаванняў. Аднак выключна пазітыўны змест дакладу зняпраўджваецца рэчаіснасцю. Толькі невялікая частка збіццяў, зневажанняў, запалохвання і бесчалавечнага абыходжання становіцца вядомай грамадскасці, але і гэтага дастаткова, каб зразумець, што катаванні ў Беларусі сталі нормай жыцця і часта ўжываюцца як інструмент у працы сілавых структураў. Пра гэта сведчаць многія факты. Напрыклад, разгоны мірных дэманстрацыяў, пры якіх дэманстрантаў жорстка збіваюць, а пасля гэтага здзекуюцца ў аддзяленнях міліцыі. Пры гэтым “родная міліцыя” дэманструе выключную вынаходлівасць і дасканаласць ў прымяненні як фізічных, так і псіхалагічных катаванняў. У гэтым арсенале такія “працэсуальныя дзеянні”, як шматгадзіннае стаянне затрыманых без руху, адмова ў вадзе і ежы, падстрыгванне валасоў для забавы, пагроза згвалтаваннем затрыманым абодвух палоў і гэтак далей. А з «традыцыйнымі» збіццём і абразамі сутыкаецца практычна кожны затрыманы. Яскравым прыкладам з'яўляюцца і нядаўнія выпадкі выкрадання грамадзянскіх актывістаў. Маладых людзей хапалі на вуліцы, апраналі мяшок на галаву, збівалі, адвозілі ў лес, імітавалі пакаранне... Такога кшталту псіхалагічнае запалохванне Канвенцыя безумоўна вызначае як катаванні; вядома вінаватыя не былі знойдзеныя, нягледзячы на тое, што пацярпелыя бачылі асобы выкрадальнікаў і нават апазналі аднаго з іх - супрацоўніка спецпадраздзялення "Алмаз" Аляксандра Леаненку, па здымках у СМІ. Яшчэ адным абуральным прыкладам прымянення катаванняў з'яўляецца адмова ў прадастаўленні медычнай дапамогі. Так у 2005-м годзе да перанеслага інсульт палітвязня Міхаіла Марыніча на працягу многіх дзён не пускалі ўрача. Трэба сказаць, што гаворка ідзе пра чалавека, які мае ранг надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара, шматгадовы досвед міністэрскай і дыпламатычнай службы. Страшна ўявіць, што адбываецца са звычайнымі зняволенымі. Можна з упэўненасцю сказаць, што такая практыка працягваецца. Так, сёння адмовай у элементарнай медычнай дапамоге катуюць Мікалая Аўтуховіча. Такія выпадкі становяцца вядомыя толькі дзякуючы актыўнай пазіцыі грамадзянскай супольнасці, апазіцыі і СМІ. Але ж з катаваннямі сутыкаюцца не толькі палітычныя і грамадзянскія актывісты. Многіх шакаваў расповяд пра зверствы беларускай міліцыі на допытах, з якімі сутыкнуўся прараб Павел Ляўшын. Маладога чалавека метадамі сярэднявечнай інквізіцыі прымушалі абгаварыць сябе. Ці Аляксей Аксяневіч, які загінуў ад траўмаў пры загадкавых абставінах пасля таго, як яго незаконна затрымала міліцыя. Бацькам ўжо двойчы адмовілі ва узбуджэнні крымінальнай справы. Крымінальная справа не была ўзбуджаная нават па факце ненатуральнай смерці. Няўжо пасля такіх выпадкаў нехта можа даць заруку, за тое, што знаходжанне ў РУУС, ЦІП, СІЗА і іншых установах такога роду бяспечнае? Скажаце, гэта адзінкавыя выпадкі? Выйдзіце на вуліцу і спытайце ў першага сустрэчнага чалавека актыўнага ўзросту, што такое «ластаўка»*. Многія будуць ведаць не адно значэнне гэтага слова. Амплітуды катаванняў у Беларусі вар'іруецца ад умоваў утрымання ва ўстановах закрытага тыпу, выкраданняў, запужванняў, сексуальных дамагальніцтваў у дачыненні да мужчынаў і жанчынаў і заканчваючы нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў пры выбіцці паказанняў, у тым ліку з смяротным вынікам. Пры гэтым як “праваахоўныя органы”, так і пенітэнцыярная сістэма Беларусі характарызуюцца поўнай адсутнасцю публічнасці і грамадзянскага кантролю, таму толькі адзінкавыя выпадкі становяцца аб’ектам галоснасьці. Але нават у гэтых выпадках дамагчыся справядлівасці не ўяўляецца магчымым нават пры наяўнасці ўсіх доказаў. Так, рэдактар сайта Charter97.org Наталля Радзіна, збітая пры ператрусе, нягледзячы на шматлікіх сведкаў і заключэнне медыцынскай экспертызы, замест паўнавартаснага расследавання і пакарання вінаватага атрымала здзеклівыя заўвагі з боку дазнаўцы Аляксандра Пусева. Але ёй, можна сказаць, яшчэ пашанцавала. Прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч за спробу аднавіць справядлівасць і прыцягнуць да адказнасці міліцыянта Аляксандра Дулуба, які збіваў яго ў турме на вуліцы Акрэсціна, атрымаў два з паловай гады турмы. Амаль ніводны з супрацоўнікаў міліцыі або турэмнай адміністрацыі, адказны як за вышэйпералічаныя выпадкі, так і за многія іншыя, не панёс пакарання. Такія факты дазваляюць казаць аб санкцыянаванні катаванняў і бесчалавечнага абыходжання ў Беларусі. Не дзіўна, што ў гэтай сітуацыі супрацоўнікі сілавых структураў, надзеленыя ўладай, адчуваюць поўную беспакаранасць. Няма ніякіх сумневаў, што росквіт такіх пачварных праяваў, як катаванні, стаў магчымым толькі «дзякуючы» сённяўняму рэжыму. З кожным годам стаўленне да грамадзянаў з боку сілавых структураў становіцца ўсё больш жорсткім і рэпрэсіўным. Тое, што было яшчэ немагчымым пяць гадоў таму, стала рэальнасцю. І страшна ўявіць, да чаго мы прыйдзем яшчэ праз пяць гадоў, калі самі не пакладзем канец гэтаму беззаконню. * «Ластаўка» - распаўсюджаны ў сілавых структурах спосаб катаванні, калі з дапамогай кайданкоў рукі і ногі ахвяры злучаюць за ейнай спіной. Пры гэтым не застаецца слядоў ад пабояў, але ахвяра адчувае моцны боль.
Пакінуць новы каментар