У Беларусі прайшла агульнанацыянальная акцыя “За нашы і вашы правы”
У Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня праваабаронцы раздавалі мінакам ў розных гарадах краіны тэматычныя выпускі газет “Народная Воля” і “Новы Час”.
Выпускі газет былі прысвечаны найбольш актуальным пытанням, якія хвалююць грамадзян Беларусі сёлета: праблема беспрацоўя і сацыяльная неабароненасць, прымусовая праца, дэкрэт аб дармаедах, тэма палітычных зняволеных, паведамле сайт ПЦ "Вясна".
Гаражане, нягледзячы на халодны і часты дождж спыняліся каля праваабаронцаў, цікавіліся нагодай для акцыі, а таксама тэмаю газеты, некаторыя прасілі адразу па некалькі асобнікаў для сябе і суседзяў. Было бачна, што многім з іх праўдзівае газетнае слова становіцца сёння меней даступным, чым у ранейшыя гады.
Інфармацыйныя акцыі і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню правоў чалавека прайшлі сёння ў Мінску, Гародні, Берасці, Магілёве, Баранавічах, Светлагорску, Барысаве, Бярозе, Рэчыцы, Жодзіна.
Міжнародны дзень правоў чалавека адзначаецца ў гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэты дакумент быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН 10 снежня 1948 года і стаў агульнай нормай, да дасягнення якой павінны імкнуцца народы ўсіх краін. Дэкларацыя, якую падпісала і Рэспубліка Беларусь, абвяшчае правы асобы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды - роўнасць усіх перад законам, права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду сумлення і іншыя.
Пакінуць новы каментар