У Беларусі працягваюць дыскрымінаваць незалежныя прафсаюзы
У сувязі з гэтым 5 чэрвеня ў рамках 104-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы, якая праходзіць 1–13 чэрвеня ў Жэневе, зноў будзе абмеркавана сітуацыя з правамі працоўных у Беларусі.
У працы канферэнцыі ўдзельнічае афіцыйная ўрадавая дэлегацыя Беларусі на чале з міністрам працы і сацыяльнай абароны Мар’янай Шчоткінай. У складзе дэлегацыі таксама старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, паведамляе Радыё Свабода.
Лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук прысутнічае на канферэнцыі ў якасці віцэ-прэзідэнта Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў.
«Беларускае пытанне» з’явілася на парадку дня Міжнароднай арганізацыі працы ў 2003 годзе. Тады Адміністрацыйная рада МАП пачала расследаванне парушэньня правоў прафсаюзаў у Беларусі ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў. Па выніках расследавання Беларусь неаднаразова ўносілі ў спецпараграф МАП як краіну, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў. Праз гэта ў чэрвені 2007 году Беларусь выключылі з Генеральнай сістэмы прэферэнцыяў Еўразвязу.
Для вяртання прэферэнцыяў урад Беларусі павінен выканаць 12 рэкамендацыяў МАП. У тым ліку — даць незалежным прафсаюзам магчымасць рэгістраваць пярвічныя арганізацыі.
У чэрвені 2014 году на сэсіі Міжнароднай канферэнцыі працы Беларусь сёмы раз занеслі ў адмысловы параграф МАП як краіну, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў.
Штогадовая Міжнародная канферэнцыя працы — найвышэйшы орган МАП, на ёй прымаюцца ўсе акты арганізацыі.
Пакінуць новы каментар