У Вярхоўны суд падаецца апошняя скарга на прысуд Казуліну
Сёньня адвакаты Аляксандра Казуліна пададуць у Вярхоўны суд апошнюю скаргу на прысуд, паводле якога палітыка зьняволілі на пяць з паловай гадоў. У верасьні Менскі гарадзкі суд ужо разгледзеў аналягічную скаргу на прысуд Маскоўскага раённага суду, але пакінуў яе без задавальненьня. У той жа дзень Аляксандра Казуліна са сьледчага ізалятара перавезьлі ў Віцебскую калёнію, дзе празь месяц ён абвясьціў галадоўку.
Гэта была беспрэцэдэнтная акцыя пратэсту: яна цягнулася 53 дні і ледзь не закончылася сьмерцю вязьня. Выхад з галадоўкі Аляксандар Казулін не завяршыў дагэтуль – у яго асобны рэжым харчаваньня і знаходжаньня ў калёніі. Між тым апошні шанец абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе палітык пакуль ня выкарыстаў. Гэта й будзе выпраўлена сёньня. Навошта чакалі некалькі месяцаў? Паводле адваката Ігара Рынкевіча, сярод іншага гэта зьвязана і з апошнімі падзеямі ў краіне.
“Рыхтавалі юрыдычныя аргумэнты, але ўлічвалі і грамадзкую сытуацыю. Мяркуем, зараз будзе менш суб’ектыўнага ў стаўленьні да нашага падабароннага. Мы зноў будзем настойваць на тым, каб прысуд адмянілі, крымінальную справу спынілі з прычыны адсутнасьці злачынства ў дзеяньнях Аляксандра Казуліна, а яго неадкладна вызвалілі”, – сказаў Ігар Рынкевіч для “Радыё Свабода”.
Наколькі ўдалай можа стаць апошняя спроба аспрэчыць прысуд? Адвакаты адказваюць рашуча: яны вераць у перамогу. А вось праваабаронца Валянцін Стэфановіч пакідае ёй невялікі шанец.
“Ва ўлады заўсёды застаецца поле для манэўра. Можна, прыкладам, зьмякчыць пакараньне. Але мне падаецца, ўлічваючы апошнія падзеі і колькасьць крымінальных спраў супроць апазыцыянэраў, малаверагодна, што нешта будзе добрае”, – мяркуе ў інтэрвью “Радыё Свабода” Валянцін Стэфановіч.
Дачка палітыка Юля Казуліна таксама ня верыць ў тое, што Вярхоўны суд адменіць прысуд. Юля Казуліна сказала, што ўжо больш за тыдзень не атрымлівае лістоў ад бацькі з калёніі і таму ня ведае, як ён цяпер пачуваецца. Словам супрацоўнікаў калёніі пра тое, што з Казуліным усё добра, ня верыць. “У іх заўсёды нібыта ўсё добра, а потым высьвятляецца адваротнае”, – кажа Юля. Дзяўчына таксама пацьвердзіла: яе маці, Ірына Казуліна, ужо болей за два тыдні знаходзіцца ў ЗША пад наглядам дактароў:
“Вы ж разумееце, што ўсе гэтыя нэрвовыя хваляваньні не прайшлі без наступстваў, тым больш для яе. Яна праходзіць абсьледаваньне, дактары высьвятляюць, што ў яе са здароўем”, -- паведаміла дачка палітвязьня.
Былы кандыдат на прэзыдэнта быў асуджаны на 5,5 гадоў летась ў ліпені. Палітыка пакаралі за арганізацыю массавай акцыі 25 сакавіка 2006 году. Аднак сваёй віны Казулін ніколі не прызнаваў.
інфармацыя: Хартыя97