У Віцебску разважалі пра дыскрымінацыю і еўрапейскія каштоунасці
У віцебскім “Еўрапейскім клюбе” прадстаўнікі Камітэту дапамогі рэпрэсаваным “Салідарнасць” прэзентавалі вынікі сваёй працы ў межах кампаніі “Разам супраць дыскрымінацыі”, а палітолаг Алесь Лагвінец распавёў аб праекце “Беларусы вібіраюць Еўропу”.
Імпрэза адбылася 17 снежня. Спачатку старшыня камітэту Іна Кулей распавяла пра тое, як арганізацыя дапамагае рэпрэсаваным. Грамадзянам, пацярпелым за свае погляды і пазбаўленым працы, аказваецца матэрыяльная і маральная падтрымка. Сябры арганізацыі дапамагаюць асобам, што спазналі дыскрымінацыю, вярнуцца ў грамадства і знайсці сябе ў іншых сферах дзейнасці, каб не залежаць ад дзяржавы ды мець сваю працу і заробак.
Зносіны са звольненымі паказалі, што дзяржава вельмі вынаходліва падыходзіць да прымянення рэпрэсіяў: тут і палітычны прызыў у войска, і адлічэнне студэнтаў па палітычных матывах, і наўмысная адпраўка ў ЛПП...
Па выніках працы з дыскрымінаванымі быў зняты фільм, у якім звольненыя грамадзяне распавядаюць пра акалічнасці свайго звальнення і выказваюць уласныя меркаванні пра прычыны рэпрэсіяў у дачыненні да іх з боку кіраўніцтва. Пасля прагляду прэзентаванага фільма ўдзельнікі праекта выказалі свае заўвагі.
Кажа Іна Кулей:
– Мы заклікаем нічога не замоўчваць, фіксаваць кожны выпадак дыскрымінацыі, бо, урэшце, гэта можа паспрыяць дасягненню змены заканадаўства. Акрамя прыкладаў, толькі што пабачаных вамі, можна прыгадаць і найбольш абуральны выпадак дыскрымінацыі, які адбыўся ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце, дзе з кафедры гісторыі былі звольненыя не менш за дзясятак выкладчыкаў і прафесараў. Прычым некаторыя з іх ніякай палітычнай ці грамадскай актыўнасці не праяўлялі, былі чыстымі навукоўцамі. Ім у віну быў пастаўлены падручнік па гісторыі Гародні, які заканчваўся 1994 годам. Падручнік прызналі крамольным. Некаторых выкладчыкаў звольнілі, некаторыя самі сышлі на знак пратэсту. Усе яны атрымалі дапамогу. А два месяцы таму пры Варшаўскім універсітэце быў створаны цэнтр беларускіх гістарычных даследаванняў, а выкладчыкі сталі прафесарамі ўніверсітэту. Яны займелі легальную магчымасць займацца навуковай працай. Старшынём цэнтру стаў Алесь Краўцэвіч.
Праз праграму рэсацыялізацыі кожны звольнены за сваю грамадзянскую ці палітычную актыўнасць можа дастаць і фінансавую, і псіхалагічную падтрымку. Дзякуючы чаму хтосьці пачынае займацца бурэннем артэзіянскіх свідравінаў, а хтосьці вырабам мэблі. Калі чалавек мае жаданне стаць прыватным прадпрымальнікам, то пытанні, звязаныя з рэгістрацыяй, дапаможа вырашыць юрыст «Салідарнасці».
Юрыст камітэта Тамара Сідарэнка адзначае:
– Выпадкаў дыскрымінацыі даволі шмат. Даходзіць да абсурду: рабочага высокай кваліфікацыі Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў выганяюць з заводу і адначасна просяць прыйсці назаўтра на працу, бо няма каму працаваць. Па заканчэнні тэрміну дзеяння кантракту наймальнік мае права звольніць працаўніка без тлумачэння прычынаў. Гэтае права спрычыняецца да яўна амаральных канфліктаў. Са згаданага заводу было звольнена больш за дзесяць рабочых, якія былі сябрамі Свабоднага прафсаюзу Беларусі. Відавочна, гэтыя звальненні ёсць праявай дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце. І такі выпадак не адзінкавы. Гэткія ж звальненні былі і на Мікашэвіцкім «Граніце», і ў іншых месцах.
Гэта вельмі амаральна, калі звальненні адбываюцца з гэткіх матываў. Праваабарончыя арганізацыі імкнуцца засяродзіць увагу грамадскасці на незаконнасці сістэм кантрактнага найму, якая выкарыстоўваецца дзеля дыскрымінацыі. Камітэт «Салідарнасць» правёў маніторынг гэтага пытання і цяпер рыхтуе ліст у адрас Савету міністраў і іншых найвышэйшых органаў пра скасаванне пэўных палажэнняў кантракту.
Кіраўніца праекту Людміла Ісакава дадае:
– Асноуная мета інфармацыйнай кампаніі «Разам супраць дыскрымінацыі» – даць слова ахвярам рэпрэсіяў, агучыць гісторыі звальненняў канкрэтных людзей, якія трапілі ў гэткія неспрыяльныя ўмовы ў выніку парушэння іх правоў. Але трэба не толькі фіксаваць і даваць ім магчымасць выказацца, нам трэба навучыцца добра бараніць правы гэтых людзей. Хаця ва ўмовах нашага заканадаўства гэтая справа – надта складаная, але рабіць яе трэба абавязкова.
І ў нашым наступным праекце, які будзе называцца «Відэакансультацыі», мы будзем вырашаць дзве задачы: абараняць правы канкрэтнага чалавека і напрацоўваць антыдыскрымінацыйныя стандарты. Таксама рэалізацыя новага праекту стане працягам нашых крокаў па зборы інфармацыі пра ахвяраў дыскрымінацыі, стварэнні базы дадзеных і наданні ім голасу. Кожны, хто лічыць сябе ахвярай дыскрымінацыі, зможа звяртацца непасрэдна да нас, а мы параім, што ў тым ці іншым канкрэтным выпадку чалавеку рабіць.
У другой частцы сустрэчы былі паказаныя дзесяць відэаролікаў, аб'яднаных адной тэмай: «Беларусы выбіраюць Еўропу», якія былі створаныя ў межах супольнага праекту Беларускага дому ў Варшаве і Руху «За свабоду». Ролікі прадэманстравалі, што за апошнія дваццаць гадоў адбылося з нашымі суседзямі, якія ўступілі ў Еўрапейскі Звяз, і дзе цяпер знаходзімся мы ў параўнанні з імі.
Кажа палітолаг Алесь Лагвінец:
– Гэтыя ролікі паказваюць, што сталася з нашымі суседзямі, з якімі мы некалі знаходзіліся ў адным пункце адліку, бо наша становішча на той час было амаль такім самым, як у эстонцаў, летувісаў ці палякаў. А цяпер практычна па ўсіх паказчыках мы адстаём. І самы галоўны паказчык – валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва. У нас ён значна меншы, чым у гэтых краінах Еўразвязу. І гэта пры тым, што за дваццаць гадоў з боку Расеі беларусы атрымалі грошай больш, чымся тыя ж Летува ці Эстонія з боку Еўразвязу.
Гэта сведчыць пра тое, што грошы ў поўным аб'ёме не ідуць на развіццё вытворчасці, а застаюцца ў кішэнях тых, хто кантралюе грашовыя плыні. Яскравым пацверджаннем такой высновы з'яўляюцца тыя адкупныя, якія сплачваюць дзяржаве арыштаваныя кіраўнікі прадпрыемстваў і чыноўнікі, пасля чаго распачатыя справы закрываюцца, і зняволеныя выходзяць на волю. Вось такая мараль: пакуль можаш красці – крадзі, закраўся – ёсць шанец адкупіцца, і табе даруюць.
Адсутнасць дэмакратыі, еўрапейскіх каштоўнасцяў і стандартаў замінае краіне рухацца наперад. На сёння ў нас самы малы адсотак сярод занятых на недзяржаўных прадпрыемствах. Дзяржаўны сектар вельмі цяжка рэфармуецца, бо існуе ён для кантролю за працоўнымі.
Еўрапейская мадэль – гэта абароненасць людзей праз незалежны суд, незалежныя прафсаюзы, якія глотку перагрызуць за сваіх сяброў. Гарантыяй сацыяльнай абароненасці працаўнікоў з'яўляюцца і калектыўныя дамовы паміж дзяржавай, наймальнікам і прафсаюзамі. З гэтай прычыны ўлады і не хочуць пускаць беларусаў у Еўразвяз, таму што нашы грамадзяне тады змогуць скардзіцца на парушэнні іх правоў з боку дзяржавы.
Еўрапейскі ўзровень дэмакратыі дазваляе грамадству кантраляваць дзяржаву, кантраляваць фінансавыя размеркаванні, якія адбываюцца ў Еўропе адкрыта і галосна паміж усімі гульцамі: фірмамі, мясцовымі ўладамі, грамадскімі арганізацыямі... У нас жа толькі адзін чалавек вырашае, куды будуць размеркаваныя сродкі.
Улада адбірае ў беларусаў магчымасць дынамічнага еўрапейскага развіцця. Наша моладзь з'язджае: каля дваццаці тысячаў вучацца ў Расіі, 7-8 тысячаў – на Захадзе. І гэта найбольш актыўныя маладыя людзі, большасць з якіх сюды ўжо не вернецца.
Каб нешта пачало змяняцца, трэба захацець адстойваць свае правы, захацець пачувацца больш годным. І гэта залежыць ад асобы, а не ад таго, што накінуць улады. Парадокс, што існуе сёння, палягае ў тым, што, нягледзячы на дваццаць год прапаганды, дваццаць пяць адсоткаў беларусаў станоўча ставяцца да Еўрапейскага Звязу. І гэта велізарны пазітыў. Пачынаць змяняцца ніколі не позна, бо змены створаць для нас новыя магчымасці.
Паводле vitebskspring.org, vitnews.org
Пакінуць новы каментар