У гомельскага актывіста «Маладога Фронту» Андруся Цянюты сканфіскавалі кампутар
Па рашэньню суда Цэнтральнага раена Гомеля маладзен вінен дзяржаве аж 2 мільены 800 тысяч рублёў. Так ён наказаны за ўдзел у пікеце насупраць гомельскага аблвыканкаму. Цянюта і яго паплечнікі выйшлі з расьцяжкай «КДБ нас з працы гоніць – Канстытуцыя абароніць?» Судзьдзя аштрафавала актывіста за парушэньне правілаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў, а таксама за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Але, не маючы такіх аграмадных грошаў, маладзён не сплочвае штраф. Некалькі разоў да яго ў кватэру спрабавалі ўвайсьці судовыя выканаўцы, але Цянюта не адчыняў дзьверы.
«15 чэрвеня яны зноў прыйшлі, дома быў мой брат, які, не ведаўшы правоў, пусьціў іх. Калі я вярнуўся дадому, адразу зачыніў на ключ дзьверы і сказаў, што ніхто не выйдзе з кватэры з маімі рэчамі. Тады яны выклікалі міліцыю і з яе дапамогай выйшлі, забраўшы кампутар. Я паказваў паперы, што ён належыць маёй маці, але яны адказалі: будзеш даказваць гэта ў судзе. Міліцыянты зацікавіліся маімі беларускамоўнымі кнігамі і газэтамі, выклікалі нейкага сьледчага. Ён быў бяз формы, не прадставіўся, не паказаў аніякіх дакумантаў і пачаў праводзіць вобшук».
Андруся Цянюту такая нахабнасьць абурыла, таму ён запатрабаваў ад сьледчага пакінуць яго квартэру. Калі той выйшаў, актывіст зачыніў дзьверы. Па словах Цянюты, сьледчага гэта вельмі раззлавала, ен пачаў біць у дзьверы рукамі і нагамі, пагражаць, што падкіне маладзёну наркотыкі. Таксама стукнуў кулаком у паштовую скрыню, ад чаго яна зламалася. Гэтаму ёсьць сьведкі – суседзі.
«Цікава, што сьледчы забыўся ў маей кватэры лічбавы здымач ды іншыя рэчы, якія мне давялося яму вяртаць праз вакно», – дадаў актывіст, які рыхтуе скаргу на дзеяньні невядомага сьледчага ў пракуратуру.
Пакінуць новы каментар