У Гомелі прыпынена сьледзтва па справе Маладога фронту
Упраўленьне КДБ па Гомельскай вобласьці прыпыніла папярэдняе сьледзтва па крымінальнае справе ў адносінах да дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт".
Пра гэта БелаПАН паведаміў грамадзкі актывіст Андрэй Цянюта, які праходзіць па гэтай справе ў якасьці падазронага.
Паводле слоў Цянюты, 24 лістапада ён атрымаў па пошце ліст за подпісам сьледчага УКДБ па Гомельскай вобласьці Дзмітрыя Седлярова. У ім сказана, што папярэдняе сьледства па крымінальнай справе прыпынена "з-за немагчымасьці правядзеньня следчых дзеяньняў, безь якіх ня можа быць прынята рашэньне аб завяршэньні папярэдняга сьледства".
На думку Цянюты, такое рашэньне прынята супрацоўнікамі УКДБ ў сувязі з тым, што на гэты час немагчыма дапытаць абвінавачваных па справе "Маладога фронту" — у прыватнасьці Кірыла Атаманчыка са Жлобіна, які цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі.
Паводле радыё Рацыі і Белапан