У Дзень салідарнасці ў абарону касцела выйшлі сотні людзей
16 траўня, у Дзень беларускай салідарнасці, моладзь а 19 гадзіне прыйшла са свечкамі да кляштара бернардынцаў і касцёла святога Язэпа ў Менску. Маладыя людзі ў другі раз абіраюць гэта месца для правядзення штомесячнай акцыі салідарнасці, таму што сталічныя улады працягваюць знішчэнне каталіцкай святыні, якая да таго ж з`яўляецца унікальным помнікам гісторыі і культуры.
У супольнай малітве за вяртанне касцёлу Святога Язэпа вернікам прынялі ўдзел каля 300 чалавек. За імі назіралі некалькі дзесяткаў спецназаўцаў, побач стяў аўтазак. Маладыя людзі трымалі ў руках запаленыя свечкі. Некаторыя трымалі ў руках літары, якія ўтваралі надпіс: «Вярніце храм вернікам». Быў выкананы нацыянальны беларускі гімн "Магутны Божа". Пасля прысутныя паставілі свечкі ля ўваходу і разыйшліся.
Напярэдадні акцыі супрацоўнікі міліцыі затрымалі трох актывістак моладзевага дэмакратычнага руху Насту Шышкову, Касю Дзядкоўскую і Алесю Кавалеўскую. Дзяўчаты ішлі на акцыю ў бок будынку КДБ. Міліцыянты знайшлі ў іх партрэты зніклых палітыкаў і свечкі. Алесю, Насту і Касю завезлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску, а потым вызвалілі без складання пратаколаў.
Пасля заканчэння акцыі салідарнасці амапаўцы затрымалі чацвярых яе ўдзельнікаў: Алену Дзяніну, Аліну Калтовіч, Андруся Дашкевіча і яшчэ адну дзяўчыну, прозвішча якой не вядома. Затрыманых павезлі ў РАУС Цэнтральнага раёну Менску. Пазней іх таксама вызвалілі, прымусів патлумачыць сваю прысутнасць на акцыі.
Больш за пятнаццаць гадоў каталікі Менску дамагаюцца вяртання кляштара з касцёлам Сьвятога Язэпа.
План рэканструкцыі комплекса былого кляштара бернардынцаў зацьверджаны мэрам Менска. Праект прадугледжвае поўную рэканструкцыю помніка 17 стагодзя пад гатэльны комплекс, які будзе змяшчаць рэстараны, падземны паркінг, басейн і йншыя забаўляльныя ўстановы.
Вернікі кожны дзень увечары збіраюцца ля будынку касцёла і моляцца за яго вяртанне. Па-ранейшаму не спыняецца збор подпісаў у абарону касьцёлу.