У Кіеве прайшла акцыя салідарнасці з мінскімі "графіцістамі"

На Майдане Незалежнасці ў Кіеве 29 жніўня адбылася акцыя салідарнасці з мінчанамі, затрыманымі па «справе аб графіці».

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-групу руху салідарнасці «Разам» ва Украіне, каля дзясятка актывістаў руху і іх украінскіх аднадумцаў на працягу двух гадзін трымалі банер «Беларусь мае быць беларускай», каб паказаць, «за што ў Беларусі ўзбуджаюць крымінальныя справы». На акцыі выступілі старшыня руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і прэс-сакратар руху салідарнасці «Разам» ва Украіне Алег Аўчыннікаў.

Падчас акцыі сярод журналістаў распаўсюджвалася заява арганізацыі, у якой актывісты вітаюць вызваленне Мікалая Статкевіча і грамадскіх актывістаў Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Мікалая Дзядка, Арцёма Пракапенку і Юрыя Рубцова, але між тым засцерагаюць «ад эйфарыі і неабдуманых фраз, што ў Беларусі вызваленыя ўсе палітвязні». За кратамі застаюцца праваабаронцы Андрэй Бандарэнка і Міхаіл Жамчужны, справы супраць якіх, як лічаць актывісты руху, «былі інспіраваныя спецслужбамі» з мэтай «разгрому праваабарончай арганізацыі «Платформ інавэйшн».

«Таксама дзікім з'яўляецца выпадак узбуджэння крымінальнай справы за графіці патрыятычнага зместу супраць Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага і іх сяброў», — гаворыцца ў заяве.

Рух салідарнасці патрабуе неадкладнага вызвалення затрыманых за справе аб графіці, а таксама Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага.

11 жніўня ў Мінску галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС з прымяненнем сілы былі затрыманыя чацвёра мінчан, якім прад`явілі абвінавачанне ва ўдзеле ў некалькіх злачынных эпізодах, у тым ліку нанясенні графіці «Беларусь мае быць беларускай» з арнаментам і перакрэсленымі сярпом і молатам, свастыкай, а таксама графіці на былой ваеннай часці з надпісам «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…» з выявай сілуэта чалавека, які кідае бутэльку з запальнай сумессю. Абодва эпізоды кваліфікаваныя як «наўмысныя дзеянні, якія суправаджаліся пашкоджаннем чужой маёмасці неўстаноўленымі асобамі, што груба парушылі грамадскі парадак і выказалі яўную непавагу да грамадства», распачата справа паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства, учыненае групай асоб).

Двум з чатырох падазроных — Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму — 20 жніўня прад`яўлены абвінавачанні ў хуліганстве, учыненым групай асоб. Ці прад`яўлены абвінавачанні Вячаславу Касінераву, які знаходзіцца ў бальніцы з двайным пераломам сківіцы, атрыманым у выніку дзеянняў супрацоўнікаў МУС, невядома. Па даных праваабаронцаў, Яраслаў Ульяненкаў застаецца ў статусе падазронага.

Заснавальнік культурна-асветнай установы «Платформ інавейшн» віцябчанін Міхаіл Жамчужны 10 ліпеня 2015 года быў прыгавораны да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Ён абвінавачваўся па артыкулах 376 (ч.1, ч.2), 375 (ч.1) і 431 (ч.1, ч.2) Крымінальнага кодэкса: наўмыснае абвяшчэнне звестак, якія складаюць службовую тайну; незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для непублічнага атрымання інфармацыі, якая складае службовую тайну; дача хабару. Для Жамчужнага гэта ўжо другі тэрмін: з 2007 года па 2012-ы ён адбываў пакаранне па эканамічным артыкуле. Менавіта ў сувязі з неадбытым па першым прыгаворы дадатковым пакараннем (2 гады і 8 месяцаў пазбаўлення права займацца арганізацыйна-прававой дзейнасцю) Міхаіл не трапіў пад амністыю. Неадбытае па папярэднім прыгаворы дадатковае пакаранне далучана да новага прыгавору суда.

Жамчужны быў затрыманы неўзабаве пасля вынясення прыгавору па справе былога кіраўніка «Платформ інавейшн» Андрэя Бандарэнкі. 12 жніўня 2014 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў Бандарэнку вінаватым ва ўчыненні хуліганства, злоснага хуліганства і асабліва злоснага хуліганства (чч. 1, 2 і 3 артыкула 339 КК). Яго прыгаварылі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў.

Культурна-асветная ўстанова «Платформ інавейшн» займаецца абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі. Яна створаная на базе інфармацыйна-асветнай установы «Платформа», якая ў кастрычніку 2012 года была ліквідаваная рашэннем Мінскага гаспадарчага суда.
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку