У Кіеве прайшоў вечар памяці беларусаў, што паклалі жыццё за Украіну (ФОТА)
Імпрэза адбылася 27 верасня па ініцыятыве Руху Салідарнасці “Разам” і пры падтрымцы аргкамітэта па стварэнню Беларускай Партыі Свабоды.
Як паведаміў salidarnasc.org Зміцер Захарэвіч, падчас мерапрыемства ўзгадвалі добраахвотнікаў з тактычнай групы “Беларусь” ДУК “Правы Сектар”, што загінулі ў антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны – Віталя Ціліжэнку і Алеся Чаркашына.
На вечары выступілі старшыня аргкамітэта БПС Сяргей Высоцкі, прэс-сакратар Руху Салідарнасці “Разам” ва Украіне Алег Аўчыннікаў, а таксама запрошаныя госці − чалец Галоўнага Проваду Кангрэсу Украінскіх Нацыяналістаў Васіль Аўчарук, прадстаўнік УНСО Назар Прыходзька і добраахвотнік з тактычнай групы “Беларусь” ДУК ПС Ян Мельнікаў, які асабіста ведаў Алеся Чаркашына.
У выступах была чарговы раз узнятая праблема адсутнасці афіцыйнага статусу ў значнай часткі беларусаў, што ваююць у складзе ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў у зоне АТА.
Падчас мерапрыемства былі прадэманстраваныя кліп на песню Алеся Чаркашына “Не здавайся!” і дакументальны фільм “Добраахвотнікі”.
Нагадаем, адзін з ініцыятараў стварэння тактычнай групы “Беларусь” Віталь Ціліжэнка, які 10 год таму перабраўся з Беларусі ва Украіну, загінуў 10 жніўня пад Белакаменкай. У тым жа баі быў цяжка паранены і памёр пасля некалькіх тыдняў комы 28 жніўня ў шпіталі ў Запарожжы беларус Алесь Чаркашын.
Ян Мельнікаў
Пакінуць новы каментар