У Магілеве зьбітыя актывісты Моладзі БНФ
У Магілеве ўночы з суботы на нядзелю былі моцна зьбітыя актывісты мясцовае суполкі “Моладзі БНФ”.
Прыблізна а палове на першую гадзіну намесьнік старшыні магілеўскае арганізацыі Аляксандар Анісімаў і яго паплечнік Кастусь Яўсееў праз тэлефон прызначылі сустрэчу сваім сябрам ды выправіліся ў прызначанае месца. Але на выхадзе з пад’езду хлопцаў без аніякіх прычынаў пачалі зьбіваць невядомыя. Нападнікаў было каля 7 чалавек, прыблізна 25-гадовага ўзросту. Адзінае, што запомнілі юнакі, – гэта іх аднолькава стрыжаныя патыліцы.
Цікава, што хуліганы стараліся ня біць хлопцаў па твары, а больш цэлілі па нырках. У хлопцаў не адабралі ні мабільных тэлефонаў, ні грошаў. Затое на развітаньне адзін з нападнікаў “пад страхам сьмерці” забараніў хлопцам звяртацца ў міліцыю. У дадзены момант юнакі раяцца з праваабаронцамі наконт таго, што рабіць далей.
Паведамляе радыё Рацыя