У Магілёве моладзь спрабуе абараніцца ад БРСМ
Трое магілёўскіх школьнікаў зьвярнуліся да праваабаронцаў па юрыдычную дапамогу: іх прымушаюць уступаць ў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Днямі маладыя людзі адправілі свае скаргі на імя прэзыдэнта і генэральнага пракурора Беларусі.
Двое хлопцаў і дзяўчына, якія не пажадалі агучваць свае прозьвішчы, не зьяўляюцца сябрамі моладзевых няўрадавых арганізацыяў. Ніводзін з іх не наведвае ў Магілёве акцыяў апазыцыі. Аднак ня хочуць яны быць і сябрамі БРСМ.
Паводле маладзёнаў, пэдагогі спасылаюцца на загад адміністрацыі і змушаюць навучэнцаў уступаць у дзяржаўную моладзевую арганізацыю.
Гаворыць праваабаронца Аляксей Паўлоўскі, да якога зьвярнуліся гэтыя вучні:
“Школьнікі самі зьвярнуліся, што іх прымушаюць уступаць у БРСМ, а яны ня хочуць. Я ім тады прапанаваў, каб яны напісалі ліст кіраўніку краіны і ў пракуратуру, інакш ад іх не адчэпяцца. Клясны кіраўнік сказала, што абавязкова ўсе павінны ўступіць у БРСМ, бо яе пазбавяць прэміі. Іх вымушаюць.”.
У магілёўскай сярэдняй школе №33, дзе ў дзявятай клясе вучацца гэтыя тры вучні, адмаўляюць факты прымусовага папаўненьня шэрагаў школьнай суполкі БРСМ:
“Як гэта мы іх можам прымушаць – гэта ж добраахвотнае. У нас нават няма працэнту, каб сілаю змушаць. Адзінаццатыя клясы ўжо на выхадзе. Мы на такіх вучняў, трэба сказаць, і ўвагі асаблівай не зьвяртаем. Яны нам працэнт не дадуць ніякі, калі вы так гаворыце – працэнты. Яны сыдуць са школы і ўсё”, – паведаміў “Свабодзе” дырэктар гэтай школы.
У магілёўскім гарадзкім камітэце БРСМ адмовіліся камэнтаваць скаргі маладых людзей.
Ігар Шары, экспэрт у пытаньнях дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, гэтак пракамэнтаваў сытуацыю:
“Падтрымка адной моладзевай арганізацыі атрымліваецца таму, што гэта выгодна. Выгодна ня мець розных поглядаў на самыя розныя бакі жыцьця ня толькі на тое, што адбываецца ў палітычным сэнсе ў краіне.
Думаць, аналізаваць і прымаць рашэньні вось гэта ў нас не вітаецца. Маладыя людзі ў нас мала баяцца крыміналу. Быць палітычна небясьпечным значна страшней за чым быць крымінальнікам”.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Магілёве дзейнічае 271 суполка БРСМ. Пярвічныя арганізацыі ёсьць ува ўсіх навучальных установах і на буйных прадпрыемствах гораду. Усяго ў горадзе 23,5 тысячы сяброў БРСМ.