У Мазырскім педунівэрсытэце запалохваюць
Кіраўніцтва Мазырскага педунівэрсытэту папярэдзіла студэнтку пра немагчымасьць сустрэчаў з актывістамі маладзевага дэмакратычнага руху.
3 сакавіка дэкан факультэту тэхналёгій Мазырскага педаганічнага ўнівэрсытэта ім. І. Шамякіна выклікаў да сябе студэнтку 3 курсу Касю Манчук. Ён запрасіў дзяўчыну да прарэктара па выхаваўчай рабоце Сяргея Шура. Па словах Касі, у кабінэце прарэктара сядзеў незнаёмы чалавек, які нічога ў яе не пытаў, але ўвесь час нешта занатоўваў.
“Прарэктар пачаў мяне палохаць адлічэньнем. Ён выказаў сваю дасведчанасьць у маім асабістым жыцьці — запытаўся, з якой мэтай я сустракалася 16 лютага пад Менскам з лідэрамі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Я сапраўды была там, але ня бачу ў гэтым нічога дрэннага, так і заўважыла ў размове з прарэктарам. Кіраўнік ВУЗа нагадаў мне, што 29 лютага ідэялёгіі гарвыкнкаму “злавілі” мяне ў ненадзейнай кампаніі з каардынатарам аргкамітэту па стварэньню партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Паўлам Наздрой. А потым пачаліся пагрозы — ад таго, што мяне выключаць, не гледзячы на паспяховасьць і адсутнасьць пропускаў і да таго, што я магу трапіць у турму”, — распавяла Кася.
Паводле студэнткі, адміністрацыя вуза дала ёй апошні шанец. “Мне паведамілі, што час адумацца і даказаць, што я не маю ніякага дачыненьня да розных ненадзейных арганізацый ў мяне ёсьць — да наступнай сэсіі. Калі ж я не “адумаюся”, то мяне могуць выключыць”. Кіраўніцтва паведаміла дзяўчыне, што за ёй зараз будуць сачыць. “Я не адмаўляюся ад сваіх поглядаў, сваіх ідэяў. Я не злачынца, каб выракацца нечага. Мае сябры таксама нічога не робяць дрэннага ці супрацьзаконнага. Вельмі шкада, што кіраўніцтва нашага ўнівэрсытэту так ставіцца да студэнтаў”, — падкрэсліла Кася.
Пра недапушчальнасць удзелу ў грамадзкім жыцьці папярэдзілі 3 сакавіка і рабочага-электрыка Мазырскага педунівэрсітэту, каардынтара па стварэньню партыі “БХД” Паўла Наздру. “3 сакавіка мяне прымусілі пісаць тлумачальную, што я, як быццам, не быў у час на рабочым месцы. Канечне, гэта так. Але справа ў тым, что 1 красавіка заканчваецца мой працоўны кантракт, таму, магчыма, праз два тыдні я атрымаю паперку, што працоўныя адносіны са мною ўнівэрсытэт скасуе”, — пракаментаваў П. Наздра.