У маці студэнткі праграмы Каліноўскага ўзьніклі праблемы на працы
12 красавіка да Тацьцяны Дзімітрук, маці стыпэндыяткі польскай праграмы Каліноўскага Вольгі Дзімітрук, прыйшоў невядомы, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна". Ён назваўся гомельскім супрацоўнікам газэты "Савецкая Беларусь" і спрабаваў весьці гутарку пра ейную дачку Вольгу. Пасьля сыходу "журналіста" ў жанчыны пачаліся праблемы на працы.
Нагадаем, што 10 красавіка Вольга Дзімітрук была затрымана невядомымі ў цэнтры Гомеля. Навучэнка праграмы Каліноўскага прыехала з Польшчы да бацькоў на велікодныя сьвяты. Невядомыя змушалі дзяўчыну даваць зьвесткі пра студэнтаў-каліноўцаў і гомельскіх дэмакратычных актывістаў.
На дадзены момант Вольга Дзімітрук знаходзіцца ў Польшчы, паведамляе прэс-служба “Гарт”.