У Менску Дзень салідарнасьці адзначаць супольнай малітвай
Cёньня ў Беларусі і за межамі краіны адбываюцца акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых. Амаль ужо два гады штомесяц 16 чысла традыцыйна адзначаецца Дзень салідарнасьці. У Менску ля былога касьцёла сьвятога Язэпа людзі зьбяруцца на супольную малітву. Яны будуць маліцца за зьніклых, лёс якіх дагэтуль невядомы; за тых, хто знаходзіцца за кратамі; за правы вернікаў; за навучэнцаў, якіх пазбаўляюць права атрымаць адукацыю з-за ўдзелу ў акцыях апазыцыі.
У Дзень салідарнасьці ў Менску людзі прыйдуць а 8-й вечара да касьцёла сьвятога Язэпа. Людзі прыходзяць туды штодня маліцца, каб будынак (былы кляштар бэрнардынаў) вярнулі вернікам.
Амаль год прайшоў пасьля таго, як беларускія ўлады зьліквідавалі некалькі пратэстанцкіх суполак, а потым пачалі дэпартаваць з краіны сьвятароў. Ад таго часу кожнага 16-га чысла каля касьцёлу зьбіраюцца вернікі, запальваюць сьвечкі і моляцца за роўныя правы вернікаў усіх канфэсіяў. Ад красавіка кожнага 16-га каля касьцёлу зьбіраюцца і актывісты дэмакратычнага руху на знак салідарнасьці зь вернікамі, сем’ямі зьніклых, палітвязьнямі і ўсімі, хто пацярпеў ад уладаў за сваю апазыцыйную дзейнасьць.
Асноўную колькасьць удзельнікаў акцыі складае моладзь. Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Хведарук возьме ўдзел у сёньняшняй акцыі.
“На мой погляд, насамрэч, было б вельмі цудоўна, калі б і маладыя сабраліся сёньня, і больш сталае пакаленьне беларусаў. Але, на вялікі жаль, апошнім часам назіраюцца ня вельмі добрыя пэрспэктывы, бо ўвесь час пад дубінкі, пад кулакі АМОНу, на ўсе акцыі прыходзіць толькі моладзь".
Старшыня камітэту абароны палітрэпрэсаваных і іх сем’яў Іна Кулей лічыць, што кожны чалавек мусіць зрабіць свой выбар і па-свойму паўдзельнічаць у акцыі салідарнасьці.
“Я лічу, што гэта асабістая справа кожнага. Гэта можа быць сьвечка, запаленая на вакне, як даўней, яшчэ год таму і болей, гэта можа быць у гэты час проста ўзгадваньне пра тых людзей, якія зьніклі ў нашай краіне, пра тых, якія падпадаюць пад рэпрэсіі. Гэта можа быць прыход на супольную малітву. Гэта залежыць ад таго, як сябе чалавек адчувае, як ён патрабуе гэтай унутранай салідарнасьці са сваімі паплечнікамі, і ад таго, дзе ён зараз. Нават калі ён па-за межамі краіны, ён можа проста запаліць сьвечку, бо гэта таксама ёсьць салідарнасьць”.
Акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі адбываюцца штомесяц 16-га чысла а 8 вечара ў Беларусі і за яе межамі. Сёньня ў Польшчы, Украіне, Эстоніі, Літве, Латвіі, Нямеччыне, Бэльгіі і ЗША беларускія студэнты разам са сваімі калегамі запаляць сьвечкі і паставяць партрэты зьніклых і палітвязьняў насупраць будынкаў беларускай амбасады.