У Мілінкевіча апісалі маёмасьць
Судовыя выканаўцы Першамайскага раёну апісалі маёмасьць у кватэры, у якой жыве лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч.
Яны патлумачылі, што выконваюць пастанову суду Савецкага раёну, паводле якой трэба канфіскаваць маёмасьць у прапісанага ў гэтай кватэры грамадзяніна. Судовыя выканаўцы праігнаравалі просьбы выклікаць уладальніцу кватэры, а таксама сьведчаньні прысутных пра тое, што маёмасьць належыць Мілінкевічу.
У чатырохпакаёвую кватэру на праспэкце Незалежнасьці, у якой жыве Аляксандар Мілінкевіч, прыйшлі адразу трое судовых выканаўцаў. Дзьверы ім адчыніў Юрась Меляшкевіч:
“Такі больш буйны, скажам так, супрацоўнік міністэрства юстыцыі ўставіў нагу ў дзьвярны праём і заблякаваў магчымасьць зачыніць дзьверы. Паьля гэтага пачаўся дыялёг наконт таго, ці правамоцны іх візыт. Я паклікаў Аляксея Кавальца. Яны пад пагрозамі таго, што будзе складзены адпаведны пратакол на Кавальца, прайшлі ў памяшканьне і пачалі свае незаконныя дзеяньні”.
Судовыя выканаўцы патлумачылі “Свабодзе”, што выконваюць пастанову суду Савецкага раёну аб канфіскацыі маёмасьці ў грамадзяніна Пыжкова, які прапісаны па гэтым адрасе. Паводле судовых выканаўцаў, яны павінны апісаць у кватэры ўсе рэчы, якія пасьля гэтага ўжо нельга будзе вынесьці ў іншае месца.
Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што насамрэч справа мае палітычны характар.
“Я думаю, што ідзе вялікая барацьба ва ўладзе. Ёсьць праціўнікі дыялёгу, а ёсьць тыя, што за дыялёг. Тыя людзі, якія хочуць пашкодзіць дыялёгу, робяць гэтыя рэчы, разьлічваючы на рэзананс.
Я вельмі занепакоены гэтым, бо не хачу, каб дыялёг спыніўся. Ён вельмі важны для беларускага народу”.
Паводле Радыё Свабода
Жадаю вам хутчэй вярнуць вашыя рэчы
Самае непрыемнае ў гэтай сітуацыі, што прыйсці ў кватэру могуць да любога грамадзяніна і пад якой-небудзь падставай (не важна якой) забраць усю яго маёмасць.
Жадаю вам хутчэй вярнуць вашыя рэчы!
Пакінуць новы каментар