У міліцыі пікетоўцаў разьдзелі дагала
Сёньня ў Гомелі за арганізацыю шэсьця міліцыя затрымала трох актывістаў “Маладога Фронту” й стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”.
У Цэнтральным райаддзеле міліцыі падчас дагляду пікетоўцаў разьдзявалі дагала. А потым адвезьлі ў суд, дзе на іх наклалі астранамічныя штрафы.
На ходніку, які прылягае да Гомельскага пляцу Леніна, чацьвёра маладых людзей разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг і шасьцімэтровую расьцяжку.
У Цэнтральным райаддзеле міліцыі на ўдзельнікаў мірнай акцыі ня толькі склалі пратаколы, але й правялі пільны дагляд.
Апавядае Васіль Токаранка:
“Я такога нідзе ў Эўропе ня бачыў, каб чалавека распраналі цалкам — дагала! Распранулі дагала. У прысутнасьці нейкіх асоб у цывільным мяне нават прымусілі, прабачце, трусы зьняць. Вось да чаго дажыліся!”
Разам з удзельнікамі акцыі пратэсту затрыманы быў і актывіст стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Кастусь Жукоўскі, які толькі здымаў акцыю на відэакамэру.
Складзеныя міліцыянтамі пратаколы ў апэратыўным парадку разгледзела судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка.
Андрэй Цянюта за несанкцыянаванае шэсьце й нібыта супраціў міліцыі аштрафаваны на 2 мільёны 800 тысяч рублёў, Васіль Токаранка — на 1 мільён 750 тысяч рублёў.
Судзьдзя Дамненка не зьвярнула нават увагі на патрабаваньне запрасіць у суд перакладчыка з расейскай мовы на беларускую альбо перадаць справу судзьдзі, які валодае беларускай мовай.
Паводле Радыё Свабода
Пакінуць новы каментар