У Мінску адбылася канферэнцыя Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (ФОТА)
На канферэнцыі 25 чэрвеня пераабрана кіраўніцтва Нацыянальна платформы, а таксама прынятае рашэнне пра аптымізацыю складу ўдзельнікаў НП і перафармуляванне кірункаў дзейнасці ў бок змяншэння іх амбіцыёзнасці.
Выступаўшы са справаздачай Андрэй Ягораў, са шкадаваннем зазначыў, што Нацплатформа практычна выціснутая з дачыненняў паміж беларускімі ўладамі і ЕС і далёкая ад таго, каб рэалізаваць сваё місію, прапісаную ў ранейшых дакументах. Выпадкі паспяховага ўплыву НП на стасункі паміж уладамі і Еўрасаюзам адзінкавыя.
З аднаго боку, ЕС праводзіць палітыку ўцягвання Беларусі ў супрацу, таму ў пэўным сэнсе ахвяруе стасункамі з Нацыянальнай платформай. З другога боку, існуе праблема ўнутранага характару: грамадскія арганізацыі Беларусі не жадаюць выкарыстоўваць патэнцыял Нацыянальнай платформы.
Тым не менш, старшыня каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы Андрэй Ягораў зазначыў, што зараз назіраецца падвышэнне інтарэсу да Беларусі з боку Еўропы і адпаведна можна разлічваць на павелічэнне кантактаў з грамадзянскай супольнасцю, што ўключэнне Беларусі ў Балонскі працэс, у чым значную ролю адыгрывала Нацплатформа, дазваляе больш аптымістычна глядзець у будучыню, што існаванне НП нават у абмежаваным фармаце будзе карысна для развіцця грамадзянскай супольнасці.
Настрой напачатку канферэнцыі быў досыць песімістычны. Нават абмяркоўваўся варыянт ліквідацыі Нацыянальнай платформы як такой, каб яна не была скарыстаная ўладамі для імітацыі дыялога паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю. Такі пункт гледжання адстойваў кіраўнік Eurobelarus Уладзімір Мацкевіч. Ягоныя апаненты сцвярджалі, што інструмент НП важна захаваць, няхай сабе і ў крыжу “замарожаным” стане, каб ім скарыстацца для абароны інтарэсаў недзяржаўных арганізацый, калі адкрыецца вакно магчымасцяў.
Як адзначыў кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы “Гомельскі дэмакратычны форум” Пётр Кузняцоў, беларускі рэжым зараз хоча спадабацца Еўропе, і нам трэба скарыстаць патрэбу рэжыму дыялогу з Захадам, каб трапіць у гэты дыялог. Вынікі выбараў 2015 года, іх ацэнка – нагода для кансалідацыі грамадзянскай супольнасці.
Удзельнікі канферэнцыі шляхам рэйтынгавага галасавання вызначылі арганізацыі, якія трапяць на сёмую сустрэчу форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, які адбудзецца ў Кіеве. Усяго на ўдзел у форуме вылучана 24 арганізацыі пры квоце 27 арганізацый. Канчатковае рашэнне будзе прымацца з удзелам рэкамендацый Еўракамісіі і каардынатараў тэматычных груп Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства.
Таксама быў абраны каардынацыйны камітэт Нацыянальнай платформы. У яго склад увайшлі:
- Святлана Каралева, Беларуская арганізацыя працоўных жанчын (яна абраная страшынёй КК НП);
- Алесь Бяляцкі, Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
- Сяргей Мацкевіч, Асамблея НДА Беларусі;
- Петр Кузняцоў, Гомельскі Дэмакратычны Форум;
- Уладзімір Дунаеў, Інстытут развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Еўропы;
- Марына Хоміч, Беларускі саюз моладзевых і дзіцячых грамадскіх аб'яднанняў "РАДА";
- Ігар Рынкевіч, Публічная ўстанова “Ліга “Грамадзянскі вердыкт”.
Канферэнцыя прыняла рэзалюцыю, у якой вітаецца ўзнаўленне дыялогу Беларусі і ЕС і разам з тым канстатуецца адсутнасць прагрэсу ў галіне правоў чалавека, наяўнасць палітзняволеных, немагчымасць правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў, выказваецца занепакоенасць вайсковай агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Паводле ўдзельнікаў канферэнцыі, праблемы ў галіне правоў чалавека, належнага кіравання, дэмакратыі і адсутнасць спрыяльных умоў для дзейнасці грамадзянскай супольнасці застаюцца галоўнымі перашкодамі для еўрапеізацыі Беларусі.
Пакінуць новы каментар