У Мінску адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя памяці герояў “Нябеснай сотні” (ВІДЭА, ФОТА)
Вольга Мікалайчык арганізавала супольны спеў гімна Украіны, а таксама падрыхтавала куццю, якую асвяціў святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч. Ганна Шапуцька правяла вечарыну-рэквіем памяці расстраляных роўна год таму пратэстоўцаў на Майдане падчас Рэвалюцыі годнасці.
Ушанаванне памяці загінулых герояў “Нябеснай сотні” прайшло ў сядзібе Партыі БНФ.
Сярод герояў “Нябеснай Сотні” не толькі ўкраінцы, загінулі і грамадзяне Грузіі, Расіі ды Беларусі. Беларусу Міхасю Жызнеўскаму падчас вечара памяці збіралі ахвяраванні на помнік.
Святар БАПЦ Леанід Акаловіч не толькі асьвяціў кашу-куцьцю на памінальнай вячэры, але і справіў ліцію-паніхіду ды хваласьпеў вечнай Славы героям Майдану 2014 года, памянуўшы кожнага з "Нябеснай Сотні" па імені і прозьвішчы.
На вечарыне выступілі Ганна Шапуцька, Павал Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Мікола Дземідзенка, Наталля Гарачка, Валянціна Логвін, Вадзім Лісоўскі… Цудоўныя песні выканалі барды Стась Гікс (на фота) і Зміцер Захарэвіч. Выступы перамяжоўваліся паказам украінскіх дакументальных стужак пра падзеі гадовай даўніны, якімі гартавалася ўкраінская нацыя.
Нагадаем, дні 18-19 лютага 2014 году адзначыліся трагічнымі падзеямі для ўкраінцаў. Тады ад стрэлаў сілавікоў загінулі дзесяткі ўдзельнікаў масавых мірных пратэстаў на Майдане, сотні чалавек былі параненыя. Паводле падлікаў медыкаў, за перыяд масавых выступаў супраць карумпаванай улады так званага прэзідэнта Януковіча і ў падтрымку еўрапейскага выбару Украіны загінула сто чалавек, якіх украінцы ахрысцілі “Нябеснай сотняй”. Праз лічаныя дні Майдан перамог, былы кіраўнік Украіны мусіў ратавацца ад народнага гневу.
Пакінуць новы каментар