У Мінску адбыўся “Кастрычніцкі кірмаш”
На імпрэзе прысутнічалі маладыя спецыялісты пераважна з еўрапейскай вышэйшай адукацыяй, якія былі запрошаныя арганізатарам мерапрыемства агенцтвам “Тваё заўтра” пасля конкурснага адбору. Яны мелі магчымасць ў нефармальнай абстаноўцы паразмаўляць з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці, журналістамі і рэдактарамі СМІ, дыпламатамі, абзавесціся карыснымі кантактамі.
“Наша мэта - стварыць супольнасць высокаадукаваных маладых людзей, якія хочуць ствараць новую, еўрапейскую Беларусь”, - адзначыла ва ўступным слове старшыня Камітэта “Салідарнасць” Іна Кулей.
Імпрэзу вялі Яўген Булка і Валярына Кустава. Перад прысутнымі выступілі ганаровыя госці прадстаўніца Еўрасаюза ў Беларусі Андрэа Віктарын, амбасадар Нямеччыны Петэр Дэтмар, першы сакратар пасольства ЗША Моніка Блэнд.
Выступілі таксама некаторыя выпускнікі еўрапейскіх ВНУ Крысціна Вітушка і Вадзім Марозаў, якія вярнуліся жыць у Беларусь і паспяхова тут працуюць.
Потым быў арганізаваны так званы спітчдэйтынг, калі эксперты і маладыя спецыялісты
размяркоўваліся па асобных століках згодна са сваімі зацікаўленасцямі і размаўлялі ў вузкім коле. Праз некаторы час, маладыя людзі пераходзілі за іншыя столікі да іншых экспертаў-працадаўцаў і такім чынам заводзілі карысныя знаёмствы, прэзентавалі сябе, абменьваліся кантактамі.
У “Кастрычніцкім кірмашы” былі, інтэлектуальныя конкурсы, публічныя самапрэзентацыі, фуршэт. Імпрэза прайшла у нязмушанай, прыязнай атмасферы.
Паводле Іны Кулей, мяркуецца, што сустрэчы маладых спецыялістаў, якія атрымалі адукацыю альбо стажыраваліся за мяжой, з патэнцыйнымі працадаўцамі у падобным фармаце будуць ладзіцца штогод.
Пакінуць новы каментар