У Мінску нагадалі пра палітвязняў
На сядзібе Партыі БНФ прайшоў форум “Палітвязні Беларусі”. Удзельнікі заклікалі беларускіх грамадзян не быць абыякавымі да лёсу вязняў сумлення, рабіць учынкі ў іх падтрымку, а таксама звярнуліся да міжнароднай супольнасці з заклікам наладжваць стасункі з Беларуссю толькі пасля вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў.
Ва ўступным слове старшыня БХД Павал Севярынец анансаваў выступы палітвязняў, палітыкаў, грамадскіх дзеячоў, а таксама нагадаў пра мэты мерапрыемства: “Мэта форуму – нагадаць беларусам, а таксама еўрапейскім палітыкам пра існаванне вязняў сумлення ў Беларусі і неабходнасць іх неадкладнага вызвалення”.
Зважаючы на тэндэнцыі збліжэння Аб’яднанай Еўропы і лукашэнкаўскай Беларусі, Павал Севярынец лічыць, што на міжнародным узроўні трэба паставіць пытанне рубам: Што найперш мараль альбо прагматыка? Трэба каб разуменне таго, што галоўная і неабходная ўмова для наладжвання стасункаў з цывілізаваным светам – вызваленне палітзняволеных, ніколі не знікала.
Рэжысёрка Вольга Мікалайчык прэзентавала дакументальную стужку, аснову якой складаюць гутаркі са сваякамі і паплечнікамі палітзняволеных Міколы Статкевіча, Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Мікалая Дзядка, Арцёма Пракапенкі, Эдуарда Лобава, Васіля Парфянкова.
Пасля прагляду стужкі выступілі каардынатар групы “За волю!” Ганна Шапуцька, прэс-сакратар АГП Ганна Красуліна, прадстаўнікі “Гавары праўду!” Тацьцяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў, арганізатарка рэгулярных малітваў за Беларусь каля Чырвонага касцёла Юлія Фралова, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, бацька вядомага актывіста, якога зараз цкуюць міліцыя і суды, Паўла Вінаградава Юры Вінаградаў, а таксама Ільля Дабратвор, Алег Корбан, Уладзімір Халіп, Зміцер Дрозд ды іншыя.
У адказ на крытычныя заўвагі ў адрас Еўрасаюза, Рудольф Рышар ад імя прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі запэўніў, што пытанне палітзняволеных знаходзіцца пастаянна ў полі зроку еўрачыноўнікаў: “Беларускі бок ведае, што гэта для нас прынцыповае пытанне”. Таксама спадар Рышар запэўніў, што ЕС вельмі сур’ёзна ставіцца да таго, што беларускія ўлады сталі часцей выкарыстоўваць адміністрацыйныя затрыманні і арышты ў дачыненні да грамадскіх актывістаў.
У залі былі таксама намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юры Губарэвіч, кіраўнік руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў, вядомы дысідэнт савецкіх часоў Сяргей Ханжанкоў, маці зніклага журналіста Змітра Завадскага Вольга Завадская, кіраўнік арганізацыі “Альтэрнатыва” Алег Корбан, праваабаронца Кацярына Садоўская, былы палітвязень Плошчы-2010 Зміцер Дрозд ды іншыя вядомыя ў праваабарончым асяродку людзі.
Удзельнікі форуму абмеркавалі захады падтрымкі палітвязняў, якія можа рабіць любы грамадзянін. Гучалі прапановы дапамагаць сваякам палітвязняў у вырашэнні побытавых праблемаў, дасылаць зняволеным паштоўкі і лісты падтрымкі, арганізоўваць канцэрты і аўкцыёны салідарнасці, здымаць дакументальныя стужкі пра палітвязняў.
Форум прыняў звароты да міжнароднай супольнасці і да беларусаў.
Напрыканцы мерапрыемства адбылася акцыя “Збіраем перадачу разам” і напісанне лістоў палітвязням. Ахвотныя маглі паўдзельнічаць у фотасесіі з партрэтам Паўла Вінаградава, зняцца на ролік салідарнасці. Паэт Славамір Адамовіч натхнёна прачытаў вершы “Беларускай моладзі” і “На парозе вайны”.
Прамаўляе Павал Севярынец
Выступае Юлія Фралова
Інсталяцыя з больш за 200 гісторый палітвязняў
Ад прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі быў Рудольф Рышар (справа)
Вольга Завадская
Свае вершы чытае Славамір Адамовіч
Абмеркаванне захадаў падтрымкі палітвязняў
Напісанне лістоў палітвязням
Пакінуць новы каментар