У Мінску прайшла вечарына салідарнасці з параненым у баях за Украіну беларусам (ФОТА)
На сядзібе Партыі БНФ у Мінску узгадвалі загінулага за Украіну Віталя Ціліжэнку і збіралі грошы на лекавання цяжка параненага змагара з імем Тарас.
Пра загінулага за Украіну беларуса Віталя распавёў ягоны паплечнік, маладафронтавец Мікола Дземідзенка. Віталь займаўся актыўнай грамадскай дзейнасцю ў Беларусі, быў актывістам "Маладога Фронту", прымаў удзел у Рэвалюцыі Годнасці ва Украіне.
Падчас вечарыны быў паказаны відэаролік з выступам Віталя Целяжэнкі на Майдане.
Павал Севярынец распавёў пра незайздросную долю, якая напаткала беларуса з імем Тарас, які бараніў незалежнасць Украіны са зброяй у руках на данецкім фронце і быў цяжка паранены. Хлопцу каля 30 гадоў. Ягонае цела пасечанае аскепкамі. Зараз ён ляжыць у коме, нерухомы, увесь абмотаны капельніцамі і трубкамі ва украінскім шпіталі. Сітуацыя ўскладняецца тым, што беларускія добраахвотнікі не маюць ніякага афіцыйнага статусу ва Украіне. Няма віду на жыхарства, няма грамадзянства. Яны не атрымліваюць заробак. Павал Севярынец заклікаў ахвяраваць сродкі на лячэнне нашага земляка.
Паводле выступоўцы, бліжэйшым часам будуць падрыхтаваныя звароты да ўладаў Украіны з просьбай вырашыць праблему адсутнасці афіцыйнага статуса ў беларускіх добраахвотнікаў.
Удзельнікі вечарыны напрыканцы супольна праспявалі гімн Украіны і малітву "Магутны Божа".
За вечар на лячэнне параненага беларуса было ахвяравана 2 мільёны 180 тысяч рублёў, 220 даляраў, 120 эўра і 500 грыўнаў.
Вядоўца вечарыны Ганна Шапуцька
Пакінуць новы каментар