У Мінску прайшоу пікет салідарнасці з журналістамі-фрылансерамі
Лідар АГП Анатоль Лябедзька правёў вулічную акцыю ў падтрымку незалежных журналістаў і свабоды слова ў Беларусі. Падзея адбылася падчас збору подпісаў, на адным з пікетаў каля крамы «ЦУМ» у цэнтры Мінску.
Як паведамляе Радыё Свабода, Анатоль Лябедзька разам з паплечнікамі прыйшлі на пікет і сталі ў ланцуг з партыйнымі і бел-чырвона-белымі сцягамі ў руках, а таксама з плакатамі і расцяжкамі, на якіх было напісана: «Без свабоды слова няма праўдзівых выбараў», «Патрабуем свабоды слова», «Свабоду журналістам», «Хопіць хлусні – дастала».
Пасярэдзіне жывога ланцуга быў усталяваны стары тэлевізар з налепкай на экране: «Паглядзеў БТ – пераключы за сабой». Праз гукаўзмацняльнік Анатоль Лябедзька звярнуўся да мінакоў, каб патлумачыць, што адбываецца:
«Мы хочам прыцягнуць вашую ўвагу як падаткаплатнікаў – вы плаціце грошы, але не атрымліваеце праўдзівай інфармацыі. Бо Беларускае тэлебачанне сталася сінонімам слоў "хлусня", "падман" і "паклёп". Сёння мы таксама хацелі выказаць сваю салідарнасць з журналістамі незалежных выданняў. Так, мы кажам: у Беларусі няма свабоды слова. Але ёсць тэлеканал "Белсат", Еўрарадыё, Радыё Свабода, газета "Народная воля", "Наша Ніва". І калі вы хочаце атрымліваць праўдзівую інфармацыю, калі хочаце думаць – чытайце, слухайце і глядзіце гэтыя меды».
Анатоль Лябедзька і ягоныя паплечнікі таксама выказаліся ў падтрымку журналістаў-фрылансераў, якія церпяць пераслед уладаў праз затрыманні, суды і штрафы за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў – збор і распаўсюд інфармацыі.
Сябра АГП Ганна Красуліна зачытала спіс незалежных журналістаў, якія прайшлі праз суды і спагнанні, а таксама заклікала мінакоў падпісацца пад зваротам Беларускай асацыяцыі журналістаў у Генеральную пракуратуру краіны з патрабаваннем спыніць пераслед.
і Многія мінакі звярталі ўвагу на пікет. Людзі спыняліся, чыталі плакаты, некаторыя падпісваліся за кандыдата і пад зваротам, выказвалі свае меркаванні, словы падтрымкі.
Пакінуць новы каментар