У Мінску прайшоў круглы стол, прысвечаны пытанням дыскрымінацыі
Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый сабраліся з мэтай распрацоўкі плана супрацы, якая б паспрыяла памяншэнню колькасці выпадкаў дыскрымінацыі, а таксама дыскрымінацыйных нарматыўна-прававых актаў і дыскрымінацыйных устаноў. Мерапрыемства адбывалася з ініцыятывы асветніцка-дабрачыннай установы Камітэта “Садідарнасць”.
“Формы дыскрымінацыі ўвесь час змяняюцца. Чыноўнікі ў гэтым на жаль праяўляюць крэатыў. Кожная праваабарончая арганізацыі так ці інакш займаецца пытаннямі дыскрымінацыі. Мы прапануем аб’яднаць нашыя намаганні і зрабіць сур’ёзную кампанію супраць дыскрымінацыі”, – заявіла на адкрыцці круглага стала старшыня Камітэта “Салідарнасць” Іна Кулей.
Сваімі назіраннямі і даследаваннямі ў сферы дыскрымінацыі падзяліліся Алена Яськова з “Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў”, былы міністр працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Сасноў, юрыст ПЦ “Вясна” Павал Сапелка, Юрыст БАЖ Алег Агееў. Таксама выступілі старшыня БАЖ Жана Ліцвіна, праваабаронца Людміла Гразнова, прадстаўнік БХК Васіль Санковіч, намесніца старшыні Руху “За Свабоду” Галіна Скраход ды іншыя выступоўцы.
“Праз працу на тэрміновых кантрактах дыскрымінуецца большасць працоўных краіны. Гэта шырока выкарыстоўваецца для звальнення актывістаў. Звольнены сотні і тысячы прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў па заканчэнні кантракта, таксама актывістаў звальняюць за “парушэнне дысцыпліны”, – адзначыла Алена Яськова. Паводле яе слоў, наша краіна на міжнародным узроўні была прызнана злосным парушальнікам. У 2007 годзе Савет Еўропы пазбавіў Беларусь прэферэнцыяў за парушэнні правоў прафсаюзаў і працоўных.
Аляксандр Сасноў у сваім выступе зазначыў, што рэальны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі дасягае 10%. “Улады змагаюцца не са з’явай, а з людзьмі, пра што сведчыць кампанія па барацьбе з дармаедствам”, – адзначае эксперт.
Павал Сапелка распавёў пра даследаванні сумесна з Міжнароднай федэрацыяй па правах чалавека дыскрымінацыі алкаголікаў (прымусова праца і ізаляцыя), дыскрымінацыі зняволеных у калоніях (працоўная дыскрымінацыя), а таксама дыскрымінацыі па прыкмеце нацыянальнасці і сексуальнай арыентацыі.
Паводле звестак эксперта, лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП) засталася толькі ў Таджыкістане, Беларусі і непрызнанай Малдаўскай прыднястроўскай рэспубліцы. ЛПП у апошні час сталі ўжывацца як форма пераследу і дыскрымінацыі па палітычных матывах.
“Чакаю з насцярогай стварэння дыскрымінацыйных інстытутаў, праз якія будуць прымушаць працаваць (працоўныя лагеры). На жаль, грамадства збольшага не адчувае тут пагрозы. Таму вельмі важна ўзнімаць гэтую праблему ў СМІ. Важна публічна абмяркоўваць праблему”, – адзначыў Павал Сапелка.
Алег Агееў распавёў пра дыскрымінацыю журналістаў. Улада падзяляе журналістаў на сваіх і чужых (незалежных СМІ і фрылансераў). Міліцыя часта затрымлівае журналістаў на некалькі гадзін, каб перашкодзіць працы па асвятленні падзей. Зафіксавана прыцягненне журналістаў за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі. Зараз пачынаюць караць штрафамі (за апошні час зафіксавана 6 выпадкаў).
Жана Ліцвіна распавяла пра спробы яе грамадскай арганізацыі ўдасканаліць Закон пра СМІ, а таксама пашырыць у законе паняцце “журналіст”. “Мы звярталіся ў Палату Прадстаўнікоў. Нам адказваюць – змены ў заканадаўства немэтазгодныя. Як прабіць гэтую сцяну? Магчыма нашымі саюзнікамі могуць быць міжнародныя спецдакладчыкі па Беларусі Міклаш Харашці (Спецдакладчык ААН) і Андрэа Рыгоні (спэцдакладчык ПАРЭ),” – выказвае меркаванне старшыня БАЖ.
“Чаму нашыя ініцыятывы патанаюць. Чаму нас не чуюць? Наш аўтарытэт сярод людзей невысокі. Тое, што мы засяроджваемся толькі на палітычных, гэта недастаткова. Мы не пашырым уплыў, пакуль не пачнем працаваць з простымі людзьмі”, – выказала меркаванне Людміла Гразнова
Васіль Санковіч з БХК Выказаўся за стварэнне антыдыскрымінацыйнага закона, які б утрымліваў універсальныя механізмы абароны ад дыскрымінацыі. Гэта дазволіць прыцягнуць увагу значнай часткі людзей да праблемы і адцягнуць увагу ад яе палітычнага складніка.
Галіна Скараход прывяла статыстыку гендэрнай дыскрымінацыі ў Беларусі.
Краўнік грамадскага Балонскага камітэту прафесар Уладзімір Дунаеў і прадстаўнік “Студэнцкай Рады” Алесь Крот распавялі пра дыскрымінацыю настаўнікаў, выкладчыкаў, пераслед студэнтаў.
Удзельнікі круглага стала выказвалі меркаванні пра тое, што можна зрабіць для вырашэння альбо змяншэння вастрыні праблемы дыскрымінацыі. Гучалі прапановы ўзмацніць інфармацыйныя і асветніцкія кампаніі, бо незаангажаваныя ў тэму грамадзяне часта не адчуваюць, дзе ёсць парушэнне правоў і дыскрымінацыя, а дзе яе няма. Важным палічылі распрацоўку і прыняццё антыдыскрымінацыйнага закона і імплементацыю міжнародных нормаў, а таксама акцэнтаванне ўвагі на дыскрымінацыю беларускай мовы.
Людміла Ісакава распавяла пра планы зрабіць шырокі антыдыскрымінацыйны праект з удзелам шэрагу праваабарончых арганізацый. Ён будзе ўключаць найперш правядзенне маніторынгу па працоўнай дыскрымінацыі (у адукацыі, у пенітэнцыярнай сістэме, ЛПП і інш.), а таксама выпуск інфармацыйнага бюлетэня для шырокага распаўсюду, памятак “Што рабіць, калі Вы сталі аб’ектам дыскрымінацыі”, відэадакументаванне і правядзенне інтэрв’ю з ахвярамі дыскрымінацыі.
Іна Кулей адзначыла, што за гады працы камітэта “Салідарнасць” тэма дыскрымінацыі наспела і зараз патрабуе асобнай пільнай увагі: “Мы звычайна займаемся дапамогай рэпрэсаваным за палітычныя перакананні. Праз нас прайшлі больш за 4000 асобаў. Многія цярпелі ад дыскрымінацыі за палітыку па некалькі разоў. Мы прапануем аб’яднаць намаганні, каб вырашаць гэтую вельмі шматгранную праблему дыскрымінацыі разам”.
Выступае Алена Яськова
Пра дзейнасць БХК распавядае Васіль Санковіч
Пра праблемы вышэйшай адукацыі нагадвае Ўладзімір Дунаеў
Павал Сапелка і Алег Агееў
Пакінуць новы каментар