У офісе Мілінкевіча забралі ўсю маёмасьць
Офіс руху “За свабоду” застаўся бяз мэблі і аргтэхнікі. Судовыя выканаўцы забралі ўсю маёмасьць згодна з пастановай суду Першамайскага раёну Менску. Канфіскацыя маёмасьці была прызначана ў крымінальнай справе прадпрымальніка, сына ўладальніцы кватэры, які адбывае зьняволеньне. Усе звароты ў суд пра тое, што ягонай маёмасьці ў кватэры няма, былі праігнараваныя. Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што такія дзеяньні чыняць праціўнікі дыялёгу з Захадам.
Мілінкевіч: “Калі адбываюцца такія падзеі, я думаю, каму гэта выгадна. Заўсёды ёсьць адказ вельмі просты. Мы ня можам назваць канкрэтных асобаў. Але гэта выгадна тым, хто супраць беларускай эўраінтэграцыі, супраць зьняцьця самаізаляцыі. Гэта выгадна тым, хто хоча закансэрваваць старую сыстэму з рэпрэсіямі. Думаю, што ёсьць барацьба тых, хто за прагрэс, і тых, хто за стагнацыю”.
Сын уладальніцы кватэры, якую на сваё імя арандаваў актывіст руху “За свабоду” Аляксей Кавалец, ад 2006 году адбывае пакараньне. Паводле судовай пастановы ў гэтай справе, павінна адбыцца канфіскацыя маёмасьці. Хоць раней судом было даказана, што пакараны ня жыў у гэтай кватэры ад 1990 году і ягонай маёмасьці ў ёй няма. Ад 2000 году яго маці пачала здаваць кватэру ў арэнду.
Сп.Кавалец паведаміў “Свабодзе”, што пасьля першага візыту судовых выканаўцаў ён зьвяртаўся ў суд, каб выключыць са сьпісу перапісаныя рэчы.
“У мяне сьведкі былі, якія казалі, што бачылі, як перавозіліся сталы і г.д. Уявіце сабе, што 11 сталоў у аднаго чалавека! Гаспадыня сказала, што вось гэта мая маёмасьць, а гэта не мая… Ён даслаў ліст з калёніі, што няма тут ягоных рэчаў. Але яны ўсё апісалі і забіраюць.
Забіраюць усю маёмасьць, не пакідаючы нават нічога гаспадыні, якая тут жыве, якой гэтая кватэра засталася ад маці. Тым больш што маёмасьць апісвалі і напісалі, што ягонай маёмасьці тут няма.
Таму гэта прыйшлі апісваць нашу маёмасьць”.
Аляксей Кавалец лічыць, што канфіскацыя офіснай маёмасьці — акт палітычны. Пра гэта сьведчыць і той факт, што разам з судовымі выканаўцамі ў офісе зьявілася здымачная група БТ.
“Яны некалькі разоў адкладалі суды. Павінны былі вывезьці маёмасьць 25 сакавіка. Была размова на высокім узроўні, і нам сказалі, што ня будуць забіраць. Даслалі ліст, у якім пішуць, што пераносіцца «ў зьвязку з узьніклымі абставінамі»”.
Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч талерантна паставіўся да групы БТ і даў ёй кароткае інтэрвію, падкрэсьліўшы, што ўсе журналісты маюць права атрымліваць інфармацыю на роўных умовах.
Паводле радыё Свабода
Пакінуць новы каментар