У палаце прадстаўнікоў не вераць у Дзеда Мароза, а прызнаюць толькі Снягурку
Незарэгістраваная арганізацыя Дзядоў Марозаў і Снягурак заклікала выключыць з Крымінальнага кодэкса артыкул 193-1.
Беларускія праваабаронцы, пераапранутыя Снягуркамі і зайчаняткамі-пераросткамі, разам з Дзедам Марозам паспрабавалі сёння, 22 снежня, перадаць зварот у палату прадстаўнікоў нацыянальнага сходу з патрабаваннем адмяніць артыкул 193‑1 Крымінальнага кодэкса, аб дзейснасці ад імя незарэгістраваных арганізацый:
«… просім палату прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прадставіць заяўнікам інфармацыю, ці разглядаецца парламентам пытанне аб скасаванні артыкула 193‑1 Крымінальнага Кодэксу. У выпадку калі гэта пытанне не разглядаецца, просім неадкладна распачаць працэдуру ўключэння пытання аб скасаванні артыкула 193‑1 Крымінальнага кодэксу і выключэння з іншых актаў заканадаўства забароны на дзейнасць ад імя незарэгістраваных аб’яднанняў у парадак дня наступнай сесіі палаты прадстаўнікоў».
Да уваходу ў палату прадстаўнікоў Дзеда Мароза з зайчаняткамі не пусцілі людзі ў цывільным. Са зваротам дазволілі прайсці толькі адной Снягурцы (Алёне Валынец).
Аднак ёй не ўдалося трапіць нават у прыёмную. Такім чынам, зварот не быў зарэгістраваны і прыняты афіцыйнай асобай, прыйшлося яго проста апусціць у скрыню для лістоў.
Алёна Валынец жартуе, што палата прадстаўнікоў дакладна не атрымае сёлета падарункаў ад Дзеда Мароза. Аднак спадзяемся, што хаця б адкажуць на наш ліст».
Паводле Нашай Нівы
Пакінуць новы каментар