У Польшчы стартаваў праект “Dzieci razem” (ФОТА)
Дзеці з сем’яў беларускіх дэмакратычных актывістаў, кожны у суправаджэнні аднаго з бацькоў, накіраваліся ва Ўроцлаў, каб прыняць удзел у шэрагу сумесных культурніцкіх мерапрыемстваў са сваімі аднагодкамі з Польшчы.
У адзін з самых прыгожых польскіх гарадоў 21 сакавіка выправілася група беларускіх дзяцей і бацькоў у складзе 24 чалавек. Беларусы будуць жыць у польскіх сем’ях, якія іх запрасілі да сябе на знак салідарнасці.
Падчас тыднёвага візіту дзеці зладзяць сумесную тэатралізаваную пастаноўку паводле баек Адама Міцкевіча, наведаюць знакаміты ўроцлаўскі заапарк, паўдзельнічаюць у шэрагу экскурсій па горадзе. Бацькі з дзецьмі пакажуць прэзентацыі пра свае гарады і мястэчкі, правядуць кулінарную майстэрню. Прадугледжана таксама асобная праграма для бацькоў у арганізацыі “Сектар 3” на тэму эфектыўнай арганізацыі грамадскай дзейнасці.
Важкі ўнёсак у арганізацыю і рэалізацыю праекта “Dzieci razem” здзейснілі польскі фонд “Мy razem” і беларускі Камітэт “Салідарнасць”.
“Праект “Dzieci razem” быў падрыхтаваны ў партнёрстве з гімназіяй № 2 Уроцлава, Камітэтам абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”, бюро фестывальнае Імпарт, “Сектар 3”, Фундацыяй музычнага тэатра “Капітоль”, “Уроцлаўскім Цэнтрумам”, які яднае шэраг НДА. Сутнасць праекта ў салідарнасці жыхароў Уроцлава з беларускімі сем’ямі актывістаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій з боку беларускага рэжыму. Гэта іх салідарнасць і падтрымка беларусаў у цяжкую часіну. Таксама мы хацелі б, каб беларускія і польскія дзеці мелі магчымасць паразумецца, паразмаўляць, зрабіць нешта агульнае разам, каб яны даведаліся пра сваіх суседзяў, падзяліліся сваімі традыцыямі. Хочацца, каб сяброўства, якое закладзецца падчас гэтага візіту захавалася на доўгія гады,” – адзначыла старшыня польскага фонду “Мy razem” Таццяна Іванова.
“Праект “Dzieci razem” з’яўляецца працягам праграмы салідарнасці паміж польскімі і беларускімі сем’ямі. Польскія сем’і, у якіх старэйшае пакаленне прайшло праз часы салідарнасці падчас змагання з камунізмам добра ведае і разумее, якая сітуацыя зараз склалася на Беларусі і наколькі важна падтрымліваць людзей у іх барацьбе. Таму спачатку гэта была праграма для жанчын – мам і жонак палітвязняў. Цяпер праграма працягваецца у дзецях польскіх і беларускіх. Гэта прыклад народнай дыпламатыі, дзе людзі лепей разумеюць адзін аднаго, узаемныя патрэбы. Адчуванне, што ў цябе ёсць сябры не толькі побач, але і ў суседняй краіне, надае моцы, сілы духа, спрыяе актыўнасці і умацаванню жадання змяніць сітуацыю у сваёй краіне да лепшага. Дзеці – гэта будучыня, гэта будучыя стасункі паміж нашымі краінамі на ўзроўні простых людзей,” – дадала ў сваю чаргу старшыня Камітэта “Салідарнасць” Іна Кулей.
Пакінуць новы каментар