У Пінску КДБ выклікае на допыт праз смс
Супрацоўнікі КДБ палююць за каардынатарам пінскае арганізацыі Руху “За Свабоду” Зьміцерам Бадзевічам. Яшчэ аднаго актывіста Руху па Піншчыне Зьміцера Кіселя абвінавачваюць у правядзеньні несанкцыянавага мітінгу й пагражаюць непрыняцьцём у ВНУ.
Падчас канцэрту прысьвечанага Дню моладзі ў Пінску, Зьміцер Бадзевіч і Зьміцер Кісель разам са сваімі паплечнікамі раздавалі значкі й стужкі Руху “За Свабоду” й віншавалі моладзь са сьвятам. Празь некалькі хвілінаў да маладзёвых актывістаў падыйшлі супрацоўнікі ідэалагічнага аддзелу Гарвыканкаму й загадалі спыніць дзеяньні.
- На наступны дзень зранку ў Гарвыканкам выклікалі дырэктара школы, ў якой я навучаюся, - кажа Зьміцер Кісель.
– Яму паведамілі, што ў часе правядзеньня канцэрту я й мае паплечнікі вялі прапаганду супраць улады й вярбоўку прыхільнікаў у шэрагі апазіцыі, а таксама спрабавалі правесьці несанкцыянаваны мітынг, – гаворыць актывіст Руху па Піншчыне.
Яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі каардынатара пінскае арганізацыі Руху “За Свабоду” Зьміцера Бадзевіча супрацоўнікі КДБ ужо шукаюць другі дзень. Па словах актывіста, яму тэлефануюць з КДБ і просяць прыйсьці паразмаўляць, не кажучы пра што. “Нават смс на тэлефон з такімі просьбамі дасылаюць”, - адзначае Зьміцер Бадзевіч.
Па інфармацыі www.milinkevich.org