У Сьветлагорску і Жлобіне ўзбуджаюць крымінальныя справы супраць “маладафронтаўцаў”

malady_front_smaller_logo.jpg

Чарговая крымінальная справа распачатая супраць актывістаў незарэгістраванага Маладога Фронту ў Гомельскай вобласьці. Маладафронтавец са Сьветлагорску Арсень Ягорчанка й ягоны аднадумец са Жлобіну Кірыл Атаманчыка падазраюцца ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Учора па месцы жыхарства хлапцоў мясцовыя упраўленьні Камітэту Дзяржаўнай Бясьпекі правялі ператрусы. 

Распавядае Кірыл Атаманчык: “Камітэтчыкі прад’явілі мне пастанову аб вобшуку і сканфіскавалі ў мяне некалькі сьцягоў, прыватныя фотаздымкі й сыстэмны блок кампутара”.

Нагадаем, што гэта ўжо адзінаццаты выпадак выкарыстаньня 193-га артыкулу КК супраць маладафронтаўцаў. Да гэтага па такіх жа самых абвінавачаньнях былі асуджаныя Зьміцер Дашкевіч, які атрымаў 1,5 годы турэмнага зьняволеньня, а таксама Зьміцер Хведарук, Барыс Гарэцкі, Наста Палажанка, Аляксей Янушэўскі, Алег Корбан, Іван Шыла, Наста Азарка і Яраслаў Грышчэня, усе з каторых атрымалі штрафы ад 30 да 40 базавых велічыняў.

 

Паведамляе радыё Рацыя