У турме: «Чэмпіянат скончаны, можаце быць вольным!»
Маладых актывістаў пачалі выпускаць з турмы напрыканцы чэмпіянату. Першымі скончылі 25-суткавы “прэвентыўны тэрмін” Зміцер Дашкевіч і Аляксандр Францкевіч.
26 траўня а 8 раніцы выйшаў на волю актывіст «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка, які адбыў 20 сутак на Акрэсьціна па стандартным абвінавачаньні ў хуліганстве. Ён даў інтэрвью “Радыё Свабода”.
Мікалай Дземідзенка прызнаецца, што гэтым разам зрабіў максымум, каб ня трапіць пад прэвэнтыўнае затрыманьне: разам з жонкай яны сабраліся ехаць у Францыю, ён набыў квіткі, меў візу. Але ўмяшаўся злы лёс — напярэдадні жонка выпадкова памыла ў пральнай машынцы ягоны пашпарт, і самому яму ехаць нікуды не давялося. «5 траўня адвёз жонку з малым у аэрапорт, пасадзіў на самалёт, але ў таксоўцы забылі накідку на каляску. Таму ў Менску мусіў зьвязацца з таксоўшчыкам праз тэлефон, каб сустрэцца. Вось на прыпынку мяне і чакалі міліцыянты ў цывільным», — згадаў Мікола Дземідзенка момант затрыманьня. Вось што актывіст распавёў пра свае 20 сутак на Акрэсьціна.
«Збольшага сядзелася нармальна. Большую частку тэрміну сядзеў з грамадзянамі Грузіі, якія чакалі дэпартацыі. Ізалятар увесь час гудзеў, усе гэтыя дні была трывалая загрузка новымі людзьмі. Вязьняў везьлі і везьлі. Абсалютна розны кантынгент, але ўсе кажуць пра чэмпіянат па хакеі як прычыну затрыманьня. Пачынаючы ад прастытутак і заканчваючы бамжамі, усе кажуць пра 80-ты год у Маскве, што як там было. Некалькі разоў перасякаўся з палітычнымі, на шпацырах размаўляў са Зьмітром Дашкевічам. Быў у курсе падзеяў на волі».
Карэспандэнт: «Вас мусілі вызваліць учора а 18 гадзіне. Напярэдадні вы чакалі вызваленьня. Ці меркавалі, што будзе нейкі сюрпрыз?»
Мікалай Дземідзенка: «Спачатку было незразумела, бо мне не аддалі рэчы, пакінулі ў міліцыі. А калі а 15 гадзіне папрасілі „з рэчамі на выхад“, стала зразумела, што ніхто мяне выпускаць не зьбіраецца. Так і выявілася. Мяне чакалі два супрацоўнікі РУУС, якія самі ня ведалі, чаму яны мяне вязуць. Казалі, што паразмаўляць з начальнікам, якога не аказалася. Тады зьмясьцілі ў „стакан“ да раніцы. А раніцай паведамілі з радасьцю: „Чэмпіянат па хакеі 2014 скончыўся, Мікалай Васільевіч, таму вы можаце быць вольным“. Я падзякаваў і пайшоў».
Карэспандэнт: «А ў якім РУУСе гэта было? Вы былі там у „малпятніку“?»
Мікалай Дземідзенка: «Гэта было ў Фрунзенскім РУУС. Так, я быў у гэтым бэтонным „стакане“, правёў там каля 14 гадзін. Там то холадна, то горача — гэта быццам нейкая вытанчаная сыстэма катаваньняў людзей: быццам і горача, дыхаць няма чым, але не прылегчы, бо на бэтоне холадна. Таму — сьпіна даражэй, лепш чатырнаццаць гадзін пахадзіць».
Карэспандэнт: «Туды не прывозілі затрыманых у сувязі з чэмпіянатам ужо пасьля фіналу?»
Мікалай Дземідзенка: «Не, сёньня была вельмі ціхая ноч. Я так зразумеў, сёньня тут была ноч усёдазволенасьці, таму што ў РУУСе было ціха-ціха. Новых нікога не прывозілі. Я адзін сядзеў у „стакане“, а „стаканаў“ там, наколькі я разумею, ня больш за пяць — дык вось было ўсяго чалавекі чатыры-пяць. Новых уначы не прывозілі, з раніцы лагодна, усьміхаючыся, усіх адпускалі. Усім казалі, што паколькі чэмпіянат скончыўся, цяпер усе спакойна могуць ісьці дахаты, усё нармальна».
Карэспандэнт: «Там, на Акрэсьціна, вам не давалі магчымасьці паглядзець на гэты чэмпіянат?»
Мікалай Дземідзенка: «Не. У нас там была радыёкропка, якая працавала вельмі паскудна, час ад часу. І натуральна, што мы чулі інфармацыю кавалкамі. Удавалася некалькі разоў паслухаць трэці пэрыяд нейкіх матчаў. Напрыклад, удалося паслухаць матч Беларусь — Швэцыя — чвэрцьфінал, трэці пэрыяд, матч Беларусь — Латвія — трэці пэрыяд і яшчэ нейкі матч зь першых, зараз не прыгадаю. Апошні матч з Расеяй радыё ўвогуле не працавала, таму мы да апошняга ня ведалі, якое месца, які расклад — даведваліся са спазьненьнем прыкладна на суткі».
Карэспандэнт: «А за каго заўзелі вязьні Акрэсьціна?»
Мікалай Дземідзенка: «Я спачатку сядзеў з грузінамі, яны ад хакею вельмі далёкія — настолькі, што вы нават ня можаце сабе ўявіць. Усё, што зьвязана з хакеем, у іх наагул выклікала сьмех і гістэрыю. Яны мала таго што не разумелі, як можна з-за нейкага спартовага мерапрыемства кагосьці вязаць, дык яшчэ і з-за хакею нейкага. Для іх гэта наогул было эпічна.
А так... у прынцыпе, усе нармальна падтрымлівалі Беларусь. Ну, усе мы перажывалі: добра, што месца занялі ў групе, цікавіліся, на каго выйшлі, на швэдаў — можна пазмагацца. За Расею ў фінале... здаецца, хацелі б усе за Расею заўзець, але я ім чотка сказаў, што трэба заўзець за Фінляндыю, і яны неяк мне асабліва не пярэчылі.
З раніцы была цікавая сытуацыя: я ж ня ведаў, як сыгралі. Я так разумею, яшчэ а 6 гадзіне мяне маглі выпусьціць, хоць вызвалілі на паўтары гадзіны пазьней. Я пытаюся, як згулялі, а начальнік мяне пытаецца: «Ты за каго заўзеў?» Я кажу: «За фінаў». Ён кажа: прайгралі, 5:2, ідзі назад у камэру. Я так зразумеў, што калі б сказаў, што за рускіх, мог бы раней выйсьці.
Карэспандэнт: Што будзеце зараз рабіць? Як ваша сям’я?
Мікалай Дземідзенка: Буду адпачываць, як усе нармальныя людзі. Сям’я прыедзе пасьлязаўтра.
Пакінуць новы каментар