У інтэрнэце з’явілася петыцыя за ўключэнне «Новага часу» ў дзяржаўны распаўсюд
Учора нехта распачаў збор подпісаў пад электроннай петыцыяй «Узяць на распаўсюд газету "Новы час" i дадаць яе ў падпісны каталог».
«Газета «Новы Час» — штотыднёвік, які надае вялікую ўвагу нацыянальнай, культурнай і гістарычнай тэматыцы і актыўна прапагандуе палітыку кіраўніцтва нашай краіны ў той частцы, якая накіравана на захаванне і ўмацаванне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама на захаванне і распаўсюджванне беларускай мовы. «Новы Час» — адно з нямногіх рэспубліканскіх выданняў, якія выдаюцца цалкам на беларускай мове. Дадзеная газета выконвае важную місію па забеспячэнні заўсёды свежай, праверанай і якаснай інфармацыяй аб падзеях у Беларусі і свеце. Улічваючы дадзеныя факты, просім РУП "Белсаюздрук", а таксама ўсе абласныя саюздрукі ўзяць на распаўсюд газету "Новы час". РУП "Белпошта" просім дадаць газету ў падпісны каталог», — гаворыцца ў петыцыі.
У падтрымку папяровага недзяржаўнага выдання менш чым за суткі падпісалася больш за сто чалавек. Любы чалавек, неабыякавы да свабоды слова, можа праявіць салідарнасць з незалежнай газетай “Новы Час” і пакінуць свой подпіс пад петыцыяй.
Электронны зварот будзе накіраваны ў РУП “Белпошта” і РУП “Белсаюздрук” праз 4 дні.
Пакінуць новы каментар