У 60 гарадах Еўропы, ЗША і Канады патрабавалі свабоды для беларусаў
60 гарадах Еўропы, Злучаных Штатаў Амерыкі і Канады адбыліся акцыі пад лозунгам “Дайце голас народу Беларусі”. Моладзевыя актывісты ў ноч на 19 сакавіка заклеілі роты помнікам у Бостане (ЗША), Атаве (Канада), Бардо, Нансі, Парыжы, Страсбургу, Ліёне (Францыя), Берліне, Хемніцы, Фрайбургу, Ене (Нямеччына), Вільні (Літва), Стакгольме, Лундзе, Гётэборгу, Мальме (Швецыя), Эдынбургу, Ёрку, Лідсе, Нотынгеме (Вялікабрытанія), Брусэлі, Левене (Бельгія), Лісабоне, Порта, Матасінхасе (Партугалія), Рызе (Латвія), Бухарэсце (Румынія), Любляне (Славенія), Орхусе, Капенгагене, Одэнсе, Альборгу (Данія), Берне (Швейцарыя), Хельсінкі, Улу (Фінляндыя), Вагенінгене (Нідэрланды), Дубліне (Ірландыя), Падгорыцы (Чарнагорыя), Заграбе (Харватыя), Прышціне (Косава), Нісе (Сербія), Сафіі, Варне (Баўгарыя), Фларэнцыі, Рыме (Італія), Камаціні (Грэцыя), Варшаве, Вроцлаве, Познані, Горжуве, Гданьску, Беластоку, Кракаве (Польшча), Мадрыдзе, Барселоне (Іспанія), Кіеве, Львове (Украіна), Празе (Чэхія), Борасе, Сковдзе (Швецыя) і іншых гарадах. Арганізатарам акцыім з’яўляецца моладзевая арганізацыя JEF (Jeunesse Europeene Federaliste/Маладыя Еўрапейскія Федэралісты). Акцыя была праведзеная ў знак салідарнасці з беларусамі, якія змагаюцца за свабоду, і ў рамках “тыдню салідарнасці з Беларуссю”, якая працягнецца да 25 сакавіка.
“Еўразвяз павінен выкарыстаць свой міжнародны ўплыў і патрабаваць ажыццяўлення прынцыпаў дэмакратыі, свабоды слова і правоў чалавека на ўсёй тэрыторыі Еўропы. Урад Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі абмяжоўвае свабоду прэсы, тэлебачанне знаходзіцца пад кантролем дзяржавы, і ў грамадзянаў няма магчымасці браць удзел у палітычнай дзейнасці”, – гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Цягам гэтага тыдня акцыі салідарнасці з беларускімі дэмакратамі пройдуць па ўсёй Еўропе, а таксама ў ЗША. У Вашынгтоне 25 сакавіка адбудзецца дэманстрацыя ў падтрымку беларускіх зняволеных па палітычных матывах. Завяршальным мерапрыемствам “гарачага тыдня” стане 25 сакавіка канцэрт “Салідарныя з Беларуссю” ў Варшаве, які пройдзе на Замкавай плошчы польскай сталіцы.
25 сакавіка ў Беларусі пройдзе святкаванне 89-ай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі – Дня Волі. Беларусы маюць намер у 12.00 выйсці на плошчу Каліноўскага (Кастрычніцкую) у Менску. Роўна год таму на гэтай плошчы пачаліся шматтысячныя маніфестацыі супраць падтасоўкі прэзідэнцкіх выбараў.