Цянюту прызналі “адэкватым”
Паводле высновы псіхіятараў цэнтра судовай медыцыны, узровень развіцьця гомельскага актывіста Андрэя Цянюты адпавядае ўзроставай норме.
Сёньня а 10-й гадзіне маладзён быў азнаёмлены з вынікамі псіхіятрычнай экспэртызы, праведзенай у межах крымінальнай справы гомельскай філіі незарэгістраванага “Маладога фронту”. У псіхіятрычным заключэньні пазначана, што маладзён арыентуецца ў бягучай сітуацыі, мае неблагі слоўнікавы запас і эрудыцыю.
Як паведаміў Рацыі Андрэй Цянюта, у якасьці дадатку да медычнага заключэньня была прымацаваная куратарская характарыстыка з Політэхнічнага тэхнікуму, у якім ён вучыўся раней. У дакуменце было пазначана, што падчас навучаньня Цянюта “паразітаваў на чужых дасягненьнях, закрываў вушы на семінарах і выяўляў схільнасць да агрэсіі”. Самым нечаканым плёнам фантазій куратаркі, дадаў актывіст, сталіся сцвярджэньні, што ён нібыта зьбіраўся ехаць ваяваць у Ірак і распавядаў усім пра наяўнасць “шапкі-невідзімкі".
Паводле радыё Рацыя