Ціск на каліноўцаў альбо як працуе КДБ
Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі распачаў хвалю перасьледу навучэнцаў праграмы імя К. Каліноўскага. На мінулым тыдні ў КДБ быў выкліканы тэлефонным званком Аляксандр Рэзнікаў, студэнт Кракаўскай Тэатральнай Акадэміі. Допыт студэнта-каліноўца доўжыўся тры гадзіны. Летась за ўдзел ў намётавым мястэчку й акцыях салідарнасьці Аляксандра выключылі з Беларускай Акадэміі Мастацтваў з актэрскага адзьдзяленьня, пазбавілі любімай працы ў Тэатры юнага гледача. Яшчэ пяць сутак атрымаў Аляксандр за падтрымку на судзе Артура Фінькевіча.
У Польшчы А. Рэзнікаву пашанцавала даць прастор таленту, ён змог ня толькі вучыцца, але выконваць ролі ў тэатры, удзельнічаць у пастаноўках, рознабакова праяўляць сябе.
Калі ён вярнуўся ўлетку на вакацыі, яму пачалі бесперапынна тэлефанаваць з КДБ. Нарэшце, Аляксандр прыйшоў па закліку ва ўправу дзяржбясьпекі. Допыт студэнта-каліноўца цягнуўся тры гадзіны. Супрацоўнікаў огранаў цікавілі падрабязнасьці прыняцьця на праграму, абставіны навучаньня каліноўцаў у Польшчы, імёны й прозьвішчы.
На працягу наступных дзён яму таксама настойліва тэлефанавалі дадому. Затым маладога чалавека выклікалі ў ваенкамат па позьве, якую даставіў міліцыянт. Там яго зноў чакаў знаёмы чалавек з органаў і зноў пачаў дапытваць. У выніку Аляксандру прыйшлося тэрмінова зьехаць з гораду. Спроба схіліць каліноўца да супрацоўніцтва правалілася.
Сяброў не здаем!
Выклікаюць вялікае абурэньне выпадкі перасьледу навучэнцаў праграмы імя К. Каліноўскага, і нахабства, з якім дзейнічаюць”гаспада ў цывільным”. 12 ліпеня да стыпендыянткі праграмы Яўгеніі Агафонавай з Рэчыцы дадому зьявіўся прадстаўнік КДБ. Спачатку ён не прадставіўся, але потым прад’явіў дакумэнты й папрасіў дазволу ў маці пагутарыць з дачкой. Гутарка адбывалася ў прысутнасьці маці й сястры.
Яўгенія Агафонава толькі што пасьпяхова скончыла год навучаньня ў Варшаўскай Акадэміі Мастацтваў на адзьдзяленьні графікі й атрымала пахвалу выкладчыкаў . Яна з задавальненьнем займалася мастацтвам і вучобай, вольнага часу не было нават на сяброў. Настрой у дзяўчыны быў узнёслы, таму яна адказвала на пытаньні супрацоўніка з гумарам і пакеплівала з яго. Тады супрацоўнік пачаў заляцаньні да сястры, маўляў, ці не сустрэцца нам у вольны час. Яго мэтай было завярбаваць студэнтак і прымусіць супрацоўнічаць. Яны катэгарычна адмовіліся.
Выпадкі павышанай цікавасці да студэнтаў-каліноўцаў тлумачацца раздражненьнем, якое выклікае вольналюбівая моладзь, што нясе з-за мяжы подых свабоднага паветра, адчуваньне непазбежнасьці пераменаў. У хуткім часе да абароны каліноўцаў ад перасьледу КДБ далучацца юрысты й праваабаронцы.