Ці вызваляць улады усіх палітзьняволеных?
У аўторак на свабоду павінен выйсьці адзін зь лідэраў нацыянальнага маладзёвага руху Павал Севярынец. Чуткі пра ягонае нечаканае вызваленьне разьляцеліся па інфармацыйным агенцыям з раніцы 21 траўня.
Павал Севярынец быў асуджаны ў 2005 годзе на два гады абмежаваньня волі за арганізацыю й актыўны ўдзел у масавых акцыях пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў рэфэрэндуму, які адбыўся 19 кастрычніка 2004 году. Тады былі ўнесеныя зьмены ў Канстытуцыю, згодна зь якімі Лукашэнка атрымаў магчымасьць бясконца абірацца на пасаду прэзыдэнта.
Як паведаміў “Радыё Рацыя” Барыс Гарэцкі, прэсавы сакратар "Маладога фронту" — арганізацыі, якую стварыў і доўгі час узначальваў Павал Севярынец, учора палітвязьню патэлефанавалі з Наваполацкай спэцкамэндатуры й прапанавалі прыехаць у аўторак на паседжаньне суду па ўмоўна-датэрміноваму вызваленьню.
"Яму ўчора патэлефанавалі з камэндатуры й сказалі, каб ён сёньня вяртаўся ў Малое Сітна, але ніякіх рэчаў з сабою ня браў, бо, маўляў, гэта яму ўжо не спатрэбіцца. Таму што ў аўторак у Наваполацку адбудзецца судовае паседжаньне па ягонаму ўмоўна-датэрміноваму вызваленьню, і, хутчэй за ўсё, ён будзе вызвалены", -- паведаміў Гарэцкі.
Другім фігурантам па справе аб масавых акцыях пратэсту пасьля рэфэрэндуму 2004 году стаў адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратычнага руху Мікола Статкевіч. Палітык таксама асуджаны на два гады абмежаваньня волі й зараз адбывае пакараньне ў Пухавіцкім раёне. «Радыё Рацыя» патэлефанавала палітвязьню, каб высветліць, ці не зьбіраюцца й яго вызваліць умоўна-датэрмінова?
"Такіх чутак хапае. Бо ўльтыматум Амэрыкі — да 11 чэрвеня вызваліць усіх палітзьняволеных. Інакш Эўропа адменіць гандлёвыя прэфэрэнцыі з 21 чэрвеня. Прамыя страты — 400 мільёнаў эўра. Таму павінны вызваліць усіх па той ці ішай схеме", -- паведаміў Статкевіч.
Але пры гэтым палітык дадаў, што ніколі не зьвяртаўся да ўладаў па датэрміновае вызваленьне, і нагадаў, што да свабоды яму й Севярынцу застаецца ўсяго два месяцы. Таму прынцыпова сытуацыя не зьмяняецца.
“Разумееце, спачатку ні за што пасадзілі, а потым выкарыстоўваюць як карту. Купляюць гэтыя мае два месяцы свабоды за сотні мільёнаў даляраў. Калі на ўсіх палітвязьняў падзяліць, мусіць неблагая сума атрымаецца. Але мне гэтых падачак ад уладаў ня трэба. Мне засталося два месяцы. Ды нават калі б і два гады заставалася, я б усё роўна ніякіх заяваў не пісаў бы й не прасіў вызваліць мяне датэрмінова. Хай яны самі ўсё вырашаюць", -- кажа палітык.
Паводле Статкевіча, хуткім часам на волі павінны апынуцца ўсе палітвязьні. Нават былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, які асуджаны на пяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Прынамсі, ягоны былы адвакат Ігар Рынкевіч учора заявіў, што не выключае датэрміновага вызваленьня аднаго зь лідэраў апазыцыі. Спадзяецца на гэта й жонка палітзьняволенага Ірына Казуліна".
"У мяне, на жаль, няма ніякай інфармацыі аб гэтым. Ніхто мне пра гэта, канечне, нічога не казаў. І таму я проста ціхенька спадзяюся на лепшае. Сёньня наш адвакат тэлефанаваў у Вярхоўны суд, каб высьветліць, якое рашэньне ён прыняў. Вярхоўны суд павінен быў сёньня даць свой адказ па нашай скарзе, але не пасьпеў яе разгледзіць. І калі гэта адбудзецца — зараз невядома", -- кажа жанчына.
Вялікую працу, накіраваную на тое, каб прымусіць улады вызваліць усіх палітвязьняў праводзяць тыя апызыцыйныя палітыкі, якія знахозяцца на волі. Паводле старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, гэтае пытаньне заўсёды ўздымаецца першым падчас сустрэчаў лідэраў аб’яднаных дэмакратычных сілаў з прадстаўнікамі Эўразьвязу й ЗША.
"Вызваленьне ўсіх палітвязьняў — гэта ёсьць агульнае патрабаваньне як дэмакратычнай кааліцыі, так і міжнароднай супольнасьці. І ўлада вымушаная з гэтым лічыцца. Таму што гэтае пытаньне завязанае, у першую чаргу, на эканоміку, на пэрспэктыву атрыманьня крэдытаў і прыцягненьня інвэстыцыяў. А таксама на пэрспэктыву адкладаньня пытаньня аб увядзеньні эканамічных санкцыяў", -- упэўнены палітык.
Улічваючы, што адносіны зь кіраўніцтвам Расеі ў Лукашэнкі канчаткова сапсаваліся, то 400 мільёнаў эўра, якія можа згубіць Беларусь пасьля скасаваньня гандлёвых прэфэрэнцыяў з боку Эўразьвязу, дзеля існуючага рэжыму — лічба вельмі істотная. Таму афіцыйны Менск вымушаны пайсьці насустрач Эўропе й выканаць патрабаваньні аб вызваленьні палітзьняволеных, падкрэсліў Анатоль Лябедзька. Але палітык ня ўпэўнены, што вызваляць усіх вязьняў. На думку старшыні АГП, Лукашэнка паспрабуе скарыстаць сваю ўлюбёную тактыку й абмежавацца паўмерамі, вызваліўшы толькі частку асуджаных палітыкаў.
“Натуральна, што йдзе зараз гандаль: што на што і ў якім памеры. У любым выпадку нават частковае выкананьне патрабаваньняў, зь якімі выступае міжнародная супольнасьць, ня можа быць незаўважанае часткай гэтай супольнасьці як пазытыўны крок”, -- кажа Лябедзька.
Таму, падкрэсьліў Анатоль Лябедзька, дэмакратычныя сілы Беларусі разам зь міжнароднай супольнасьцю павінны працягваць ціск на беларускія ўлады, каб дамагчыся безумоўнага вызваленьня ўсіх палітзьняволеных.