Чалавек салідарнасці
Кацярына Сінюк і яе партал Imenamag раскрылі, паводле nn.by, патэнцыял салідарнасці і спагады ў беларускім грамадстве.
Стваральніцу інтэрнэт-партала imenamag.by, на якім збіраюць грошы для людзей у патрэбе, інвалідаў, дзяцей-сірот рэдакцыя nn.by назвала чалавекам 2016 года.
Дзякуючы ёй — і яе ўменню выкарыстоўваць новыя камп’ютарныя тэхналогіі — дзясяткі тысяч людзей пабачылі, як шмат вакол ДОБРЫХ ЛЮДЗЕЙ. Яна паказала, што быць добрым — па-ранейшаму прэстыжна. Дапамагаць слабым — модна. А ўдалося ёй тое зрабіць, бо яна прапанавала людзям спосаб, як ЛЁГКА І ХУТКА дапамагчы.
Але ў выпадку Сінюк важна і іншае. Яна не проста дапамагае канкрэтным людзям. Яна дапамагае тым, хто, у сваю чаргу, дапамагае пасля дзясяткам іншых. Напрыклад, яна сабрала грошай для інваліда, які навучае іншых інвалідаў працаваць на камп’ютары — і не проста працаваць, а зарабляць на камп’ютары.
Сінюк таксама паказвае, як многа могуць зрабіць людзі без дапамогі дзяржавы, самі, для сябе і для іншых.
«Імёны» бачаць сябе паўнавартасным грамадскім СМІ. Камандзе ўдалося сабраць больш за 40 тысяч рублёў на паўгадавую дзейнасць рэдакцыі і больш за 128 тысяч рублёў — на дапамогу 11 праектам.
Напрыклад, нядаўна часопіс паказаў дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця мінскага дома-інтэрната. Прыкладна 50 дзяцей інтэрната мелі патрэбу ў спецыяльным энтэральным харчаванні, дзякуючы якому яны б маглі набраць вагу. «Імёны» актывізавалі збор сродкаў і патрэбную суму, 62 960 рублёў, сабралі ў рэкордна кароткія тэрміны.
Часопіс бярэцца за самыя розныя сацыяльныя праблемы, вось толькі некаторыя загалоўкі: «18 гадоў на заводзе, заробак — 62 рублі. Гісторыя невідушчага мужчыны, які нясе людзям святло», «Тайнае жыццё Анісы. Як супрацоўніца банка з Мінска лечыць бяздомных жывёл на закінутым заводзе», «Як хлопец з паралізаванымі рукамі і нагамі зарабляе на жыццё»…
Героямі матэрыялаў часопіса становяцца людзі з няпростымі лёсамі, якія не здаюцца і кожны дзень змагаюцца за сваё шчасце. Імі можна натхняцца, у іх можна вучыцца мужнасці і чалавечнасці.
Пакінуць новы каментар