Чаму адраджэнец беларушчыны Алесь Юркойць з вясны сядзіць у турме?
З ранняй вясны Алесь Юркойць сядзіць у турме. Самы беларускамоўны мытнік краіны. Завадатар культурнага жыцця на Астравеччыне. Сябра соцень, калі ня тысяч людзей, многім з якіх праз яго адкрылася Беларусь, якія убачылі і палюбілі сваю краіну. Піша ў сваім блогу на Радыё Свабода Сяргей Дубавец.
Трэба сказаць, што ў нашым клімаце Алесевых заслуг дастаткова, каб даць яму або найвышэйшы ордэн Скарыны або ордэр на арышт. Такая ужо асаблівасць гэтага постсавецкага клімату, завядзёнка з далёкіх часоў, калі Сталін, нібыта, замяніў ордэр на арышт народнага паэта Янкі Купалы ордэнам Леніна.
Вядома, Юркойць чалавек ведамасны, мытнік. Сітуацыя яшчэ больш закрытая, чым калі б нехта быў проста «з вуліцы». Але калі прыгледзецца, на кожнага чалавека ў Беларусі улада глядзіць як на ведамаснага. Гэта значыць, што ў пэўны момант перастаюць дзейнічаць законы і уступаюць у сілу паняцці – лаяльнасць уладзе ці, як у выпадку Алеся, – занадта высоўваўся са сваёй беларушчынай і культурніцкім імпэтам, багоміў родную Астравеччыну – самую лепшую на свеце. «А не надо этого». Проста «не надо» і усё. Такіх чыноўнікі ня любяць, не прызнаюць у іх «сацыяльна свайго».
«Справа мытнікаў»
Пра крымінальную справу згадваў сам прэзідэнт. Узялі, нібыта, усю змену мытнікаў. Праўда, кажуць, начальніка змены выпусцілі. Астатнія, два дзесяткі чалавек, сядзелі ў Амерыканцы, цяпер на Валадарцы. Следчыя дзеянні не праводзяцца. Проста сядзяць. Такі ў іх «стыль працы», калі ёсць «найвышэйшае блаславенне» і нуль кантролю з боку тых, хто па ідэі мусіць кантроль ажыццяўляць.
З гэтым «выпусцілі» ў нашай «дзяржаве для народа» свой парадокс. Начальнік, якому інкрымінуюць крадзеж на мільён даляраў, сплачвае ў трохразовым памеры, і яго выпускаюць. А вясковы фельчар, што прыняў ад пацыента шматок сала, сядае за краты на доўгія гады. Здавалася б, логік адна – аддай дзяржаве цэлую свінню і гуляй на волі. Але логік не адна. За шматок – зона, за мільёны $ – воля. (Асабіста мне яшчэ цікава паглядзець на якасць гэтых людзей – тое, чым мусіў бы азадачыцца суд. Але суд выконвае каманды і нават у твары падсудных не зазірае.)
Сёння абнародавалі новую лічбу затрыманых ашмянскіх мытнікаў – 40.
Ездзячы за дваццаць гадоў туды-сюды праз ашмянскія пераходы сотні разоў, я бачыў розных мытнікаў. Бачыў хамаў і самадураў, але, па-першае, даць хабар не прапаноўвалі ніколі, па-другое, асноўная маса мытнікаў заўсёды пакідала станоўчае уражанне – карэктныя, адукаваныя, нармальныя людзі. Заўважце, гэта ня столькі пра іх уражанне, а пра краіну, якую яны прадстаўляюць. Лагічна? Тады калі бяруць усю змену мытнікаў, проста усіх, і татальна усім інкрымінуюць хабарніцтва… Працягніце логік. Выходзіць, хабарніцтва – гэта ужо ня столькі злачынства, колькі прыкмета іхняй прафесіі і карпаратыўны прынцып працы іхнага ведамства, а яшчэ далей – такі парадак у краіне, якую яны прадстаўляюць?
Зразумела, гэта ня так, бо як мінімум розныя людзі сярод мытнікаў, і, думаю, большасць з іх імідж краіны, прафесійную і чалавечую этыку, а урэшце прысягу успрымаюць зусім не як пустыя гукі. Іншая рэч, што аглабельны падыход, вядомы са сталінскіх часоў, гэтых гукаў ня чуе. Па выніку на плыву застаецца начальства тых арыштаваных мытнікаў, якім усім адной аглаблёй паламаныя лёсы, знішчаныя кар’еры, закрытыя перспектывы. Начальства ні за што адказнасці не нясе. А шараговых мытнікаў, як той казаў, «бабы новых нарожают».
Кажуць, Юркойць з калегамі папаў пад каток «спрадвечнай» міжведамаснай барацьбы мытнікаў з гэбэшнікамі. Але што мне да тога, калі ў гэтай барацьбе нічога ня значыць ані лёс чалавека, ані тое, хто там рэальна «браў», а хто ня «браў». Як і для вас нічога ня значыць маё перакананне, што Алесь ніякім чынам ва усім гэтым не заплямлены. Ёсць такія людзі, да якіх нішто агіднае не прыстае, чыстыя. Але, на жаль, усё гэта ня мае значэння. Матывы рэпрэсіяў ляжаць у іншай плоскасці. І для мяне тут найважнейшае, што пад арышт трапіў самы беларускі і самы культурны пасіянарый на Астравеччыне. Цяпер у гэтым пакоі быццам нехта выключыў святло.
Пакінуць новы каментар