Чарговая хваля пераследу цыганаў
У Праваабарончы цэнтр “Вясна” звярнулася група грамадзян, якія прадстаўляюць цыганскую дыяспару горада Мінска. Людзі, што звярнуліся, паведамілі пра ўзрастаючыя апошнім часам факты беспадстаўных і адвольных затрыманняў прадстаўнікоў дадзенай нацыянальнасці супрацоўнікамі праваахоўных органаў сталіцы.
З іх слоў, супрацоўнікі міліцыі і ДАІ затрымліваюць людзей цыганскай нацыянальнасці без тлумачэння прычынаў, утрымліваюць у РУУС больш за 3 гадзіны, падвяргаюць дактыласкапаванню, фатаграфаванню, забіраюць іншыя біяметрычныя матэрыялы.
Затрыманні адбываюцца пастаянна і неаднаразова, пры гэтым супрацоўнікі абражаюць цыган, пратаколы аб затрыманнях не складаюць, ніякіх дакументаў падпісваць не даюць.
Так адна з тых, хто звярнуўся - Любоў Валошчанка - патлумачыла, што пасля затрымання і дастаўлення ў РУУС, іх з мужам вадзілі з кабінета ў кабінет, адбіралі ўзоры адбіткаў пальцаў і іншыя біяметрычныя матэрыялы. Пры гэтым, раней яны ўжо праходзілі падобную працэдуру. Таксама яна адзначыла, што афіцэр міліцыі абразліва заявіў пры іх з'яўленні: “О, чавэл злавілі!”.
“Такое стаўленне да мяне па прыкмеце маёй нацыянальнасці мяне сур'ёзна турбуе: я ўвесь час нашу пры сабе пашпарт, у мяне з'явілася пачуццё страху перад супрацоўнікамі міліцыі. Я адчуваю няўпэўненнасць ў сувязі з тым, што магу быць у любы час беспадстаўна затрыманая. Мы баімся і ўжо абмяжоўваем сябе і сваіх дзяцей ад наведванняў грамадскіх месцаў: школы, дзіцячага садка, крамаў. У дзень забіраюць адных і тых жа людзей па некалькі разоў. Забіраюць усіх, ні на што не звяртаючы ўвагі: з маленькімі дзецьмі, старых, інвалідаў. Ідзе дыскрымінацыя нашай нацыі, хоць мы таксама працуем і аплачваем падаткі, якія ідуць на зарплату гэтым жа самым супрацоўнікам міліцыі”, - распавядае Любоў Валошчанка.
Са словаў звярнуўшыхся жанчын, прадстаўнікі органаў унутраных спраў тлумачаць затрыманні “загадам звыш” і “сістэмай рысачак” - кожны павінен зрабіць пэўную колькасць затрыманняў цыган.
“Людзі глядзяць на нас, як быццам мы злачынцы ўсё. Больш няма сілаў гэта цярпець! Мы такія ж грамадзяне Беларусі, як і іншыя. Зараз мы жывем тут, як у немцаў у палоне. Але народ не будзе больш маўчаць!” - кажа яшчэ адна з тых, хто звярнуўся, Анжаліка Валошчанка.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі”, абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі падлягаюць толькі вызначаныя законам катэгорыі грамадзян. І калі мужчыны павінны праходзіць гэтую працэдуру як ваеннаабавязаныя, то ў адносінах да жанчын не можа прымяняцца прымусовае дактыласкапіраванне, калі яны не трапляюць ні ў адну з такіх катэгорый.
Акрамя таго, затрыманне і дастаўленне ў РУУС без падставаў і тлумачэння прычын, апытанні і адбор тлумачэнняў праводзіліся супраць волі затрыманых. Як адзначаюць жанчыны, патрабаваць і атрымліваць тлумачэнні супрацоўнікі міліцыі можа быць і маюць права, аднак для атрымання такіх тлумачэнняў існуюць іншыя працэдуры. У падобных выпадках адсутнічаюць падставы для пачатку адміністрацыйнага працэсу, а таксама падставы і для затрымання людзей цыганскай нацыянальнасці.
Жанчыны накіравалі скаргі на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у УУС адміністрацыі Першамайскага раёна і пракурору г. Мінска, дзе звярнулі ўвагу на ўсе парушэнні пры затрыманні і незаконнасць правядзення дактыласкапавання. Яны лічаць, што такое стаўленне носіць дыскрымінацыйны характар і ўшчамляе канстытуцыйныя правы людзей цыганскай нацыянальнасці.
Са слоў тых, хто звярнуўся, затрыманні адбываюцца таксама і ў іншых гарадах Беларусі: Жлобіне, Бабруйску, Гомелі.
Раней падобныя аблавы на цыганаў праводзіліся неаднаразова падчас міліцэйскіх аперацый і адпрацовак. Пры гэтым затрымлівалі вялікую колькасць прадстаўнікоў дадзенай групы нацменшасцяў па беспадстаўных меркаваннях аб іх датычнасьці да наркотыкаў, крадзяжоў і іншых злачынстваў. Сваімі незаконнымі дзеяннямі і прадузятымі публікацыямі на дзяржаўных інтэрнэт-рэсурсах, супрацоўнікі органаў унутраных спраў уздымаюць узровень цыганафобіі.
Праваабаронцы ў сваю чаргу ўжо не аднойчы звярталі ўвагу ўладаў і СМІ на факты парушэння правоў людзей цыганскай нацыянальнасці, а таксама на недапушчальнасць ў журналісцкіх матэрыялах і тэлевізійных перадачах ўказанні ў негатыўным ключы нацыянальнай прыналежнасці. На іх думку, гэта можа спрыяць праявам ксенафобіі і дыскрымінацыйных паводзінаў у грамадстве, а таксама фармаванню выключна негатыўных ацэнак у дачыненні да прадстаўнікоў усёй цыганскай нацыянальнай меншасці ў нашай краіне.
Паводле ПЦ "Вясна"
Пакінуць новы каментар