ЧЫРВОНЫ КРЫЖ ЗАСТУПІЦЦА ЗА ЗЬМІТРА ДАШКЕВІЧА
Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднаньне «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і зарэгістраванае ў Летуве аб’яднаньне «Праваабарончы альянс» зьвярнуліся ў Чырвоны Крыж з просьбай у межах кампетэнцыі гэтай арганізацыі дабіцца выкананьня правоў Дзмітрыя Дашкевіча. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі гэтых аб’яднаньняў Гары Паганяйла і Людміла Гразнова 18 ліпеня на прэс канферэнцыі ў офісе Партыі БНФ.
Заява пададзена 18 ліпеня ў Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, а таксама будзе адаслана ў Міжнародную федэрацыю Чырвонага Крыжа.
У дакуменце зазначаецца, што З.Дашкевіч быў асуджаны па артыкуле 193 1 Крымінальнага кодэксу Беларусі (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), які «беларускія праваабаронцы падвяргаюць рэзкай крытыцы, бо ён супярэчыць Канстытуцыі краіны і міжнародным актам па правах чалавека, ратыфікаваных урадам Рэспублікі Беларусь».
Праваабаронцы нагадваюць, што З.Дашкевіч прызнаны сусьветнай праваабарончай арганізацыяй «Міжнародная амністыя» вязнем сумленьня, і прыводзяць шэраг фактаў парушэньня правоў маладога чалавека як падчас сьледства, гэтак і падчас утрыманьня ў калёніі.
У прыватнасьці, у заяве ўказваецца, што падчас сьледства З.Дашкевіча зьмясцілі ў адну камэру з хворым на туберкулёз, гепатыт і ВІЧ інфікаваным. Яшчэ да разгляду касацыйнай скаргі на прыгавор З.Дашкевіч быў адпраўлены ў калёнію № 17 Шклова (Магілёўская вобласьць). Таксама прыводзяцца факты ціску на З.Дашкевіча з боку адміністрацыі гэтай калёніі.
«Ацэньваючы факты, становіцца відавочным, што ў дачыненьні да Дашкевіча прымянялася цэлая сістэма вытанчаных, жорсткіх мер, негуманныя адносіны, што мяжуюць з катаваньнямі. Усё гэта скіравана на падаўленьне яго волі, нанясеньне ўрону здароўю маладога чалавека, падштурхоўвае яго да кардынальных мер пратэсту — такіх як галадоўка, ставіць пад пагрозу жыцьцё маладога палітыка і вязьня сумленьня», — гаворыцца ў заяве.
Заява пададзена ад імя дзьвюх арганізацый, паколькі Чырвоны Крыж прымае заявы толькі ад арганізацый. Таксама дакумент падтрымалі экс кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч, палітык Павал Севярынец, пісьменнік Уладзімер Арлоў, паэт Ніл Гілевіч, кінарэжысэр Юрый Хашчавацкі, былы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саньнікаў, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суда Беларусі Міхаіл Пастухоў і іншыя вядомыя людзі.
Прэс-служба МФ