Чэхія: пракурора з сталінскага працэсу асудзілі на 8 гадоў турмы

Гарадзкі суд Прагі вынес учора вэрдыкт у справе Людмілы Брожавай-Паледнавай – пракурора на працэсе 1950 году над палітыкам Міладай Гаракавай. Суд прызнаў віну Брожавай-Паледнавай у суўдзеле ў забойстве і асудзіў яе на восем гадоў зьняволеньня.

 Зрэжысэраваны ў 1950 годзе ў Празе працэс меў за мэту расправу над апанэнтамі тагачаснага камуністычнага рэжыму.

Асуджаная на тым працэсе на сьмерць Мілада Гаракава была вядомай у Чэхаславаччыне юрысткаю і палітыкам. У першыя гады нямецкай акупацыі брала актыўны ўдзел у антынацысцкім супраціве. У 1940 годзе была зьняволеная – заставалася за кратамі да канца вайны. Па вайне была абраная ў парлямэнт ад партыі нацыянальных сацыялістаў. Пасьля камуністычнага перавароту ў лютым 1948 году адышла з палітыкі, але ўжо ў наступным годзе была арыштаваная. Гаракаву абвінавацілі ў кіраваньні кансьпірацыйным антысацыялістычным цэнтрам, у супрацоўніцтве з здраднікамі радзімы і ў перадачы замежным агентам інфармацыі дзяржаўнай важнасьці.

Мілада Гаракава – на працэсе 1950 году

 На ролю пракуроркі на працэсе над Міладай Гаракавай была пастаўленая тагачасная студэнтка правазнаўства Людміла Брожава-Паледнава. Сёньня ёй 86 гадоў. На цяперашнім працэсе сама яна не прысутнічала – у сувязі з станам здароўя.

 

Паводле гарадзкога суду Прагі, менавіта Брожава-Паледнава была тым зьвяном ланцуга, які зрабіў магчымым фізычную ліквідацыю апанэнтаў чэхаславацкага камуністычнага рэжыму.

Выносячы сёньня вырак, судзьдзя гарадзкога суду Прагі Петар Браўн зазначыў: выконваючы сваю ролю, Брожава-Паледнава ўсьведамляла той факт, што віна і пакараньне Міладзе Гаракавай і іншым абавінавачаным у працэсе 1950 году былі вызначаныя загадзя, а суд меў служыць толькі этапам перад далейшай фізычнай ліквідацыяй абвінавачаных.

 

Па інфармацыі радыё Свабода