Школьнікаў, якія наведвалі «Свабодны тэатр», выклікаюць у КДБ
Ужо трох наведвальнікаў спектаклю 22 жніўня, затрыманых міліцыяй, выклікалі ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў і КДБ, паведаміла дырэктарка «Свабоднага тэатру» Натальля Каляда, . Усе выкліканыя — непаўналетнія навучэнцы менскіх школаў. Падчас «размоў» іх упэўнілі, што яны ня змогуць паступіць у ВНУ Беларусі, а пры паўторным наведваньні «Свабоднага тэатру» будуць “адлічаныя са школ”.
Паводле словаў Натальлі Каляды, і некалькі рэктараты ВНУ на сходах паведамілі студэнтам і выкладчыкам, што ў выпадку наведваньня «Свабоднага тэатру» яны будуць адлічаныя або звольненыя адпаведна. Так пачаўся навучальны год.
Тэатральны сэзон пачаўся падобным чынам. Як паведаміў актор «Свабоднага тэатру» Алег Сідорчык, кіраўніцтва дзяржаўных тэатраў на традыцыйных восеньскіх сходах папярэдзіла актораў, што за супрацоўніцтва з «Свабодным тэатрам» яны будуць звольненыя. Такія сходы былі ў Маладзёжным тэатры, Студэнцкім тэатры Акадэміі Мастацтваў, Купалаўскім тэатры і Тэатры юнага гледача. Паводле словаў Сідорчыка, дырэктар ТЮГу сказаў акторам, што «ёсьць адзін усенародна выбраны, таму нельга нідзе ўдзельнічаць, асабліва ў «Свабодным тэатры», каб ня супярэчыць ягонай палітыцы».
Па матэрыялам Нашай Нівы