Эўрапейскі марш адбудзецца 14 кастрычніка
Аргамітэтам Эўрапейскага Маршу “За свабоду” пададзеная заяўка на правядзеньне шэсьця 14 кастрычніка ў 14:00 ад Кастрычніцкай плошчы да Нацыянальнай бібліятэкі. Пра гэта паведаміў старшыня Аргкамітэту Віктар Івашкевіч на прэс-канфэрэнцыі, што адбылася ў сядзібе Партыі БНФ. У прэс-канфэрэнцыі таксама ўзялі ўдзел старшыня АГП Анатоль Лябедзька, лідэр руху "За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, старшыня БСДП (Народная грамада) Мікалай Статкевіч і міжнародны каардынатар “Хартыі’97” Андрэй Саньнікаў.
“Два месяцы таму было прынятае рашэньне стварыць Аргкамітэт Эўрапейскага Маршу, - сказаў Віктар Івашкевіч. – Мы пачалі рэклямную кампанію, вы ўсе бачылі налепкі зь лягатыпам Эўрапейскага Маршу”.
Заяўнікамі Эўрапейскага Маршу выступілі намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, удзельнік грамадзянскай кампаніі "Джынс за Свабоду!" Яўген Афнагель, старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, старшыня руху "За Свабоду"Аляксандр Мілінкевіч і адзін зь лідэраў "Маладога Фронту" Зьміцер Хведарук.
“Чаму Эўрапейскі марш? З улікам таго, што і ўлада, і мы неабыякавыя да праблемы захаваньня незалежнасьці, Эўрапейскі марш можа быць пачаткам дыялёгу паміж намі і ўладамі. Давайце пабачым, ці здольныя мы дамаўляцца. Трэба, каб гэтая акцыя засьведчыла накіраванасьць АДС і беларускага народу да Эўропы і эўрапейскіх каштоўнасьцяў”, - сказаў Андрэй Саньнікаў.
“Ня так часта бывае, каб дэмакратычныя сілы праводзілі акцыю са знакам плюс, - заявіў Аляксандр Мілінкевіч. - Мы хочам падкрэсьліць, што гэта ня акцыя супраціву, а акцыя вяртаньня Беларусі ў Эўропу, дзе яна была заўсёды гістрарычна. Кампанія Эўрапейскі Марш “За свабоду” можа пачаць новы этап ў гісторыі Беларусі. Прапановы Эўрапейскага зьвязу – гэта ня гандаль, а рэальная магчымасьць супрацы з Эўропай”.
У Аргкамітэт увайшла вялікая колькасьць іншых арганізацыяў. “Мы правядзем адмысловыя прэс-канфэрэнцыі моладзевых, прадпрымальніцкіх і няўрадавых арганізацыяў. Усе яны падтрымліваюць ідэю правядзеньня Эўрапейскага Маршу”, - паведаміў журналістам Віктар Івашкевіч.
Прэс-канфэрэнцыя моладзевых арганізацыяў адбудзецца 21 жніўня ў 12:00 у сядзібе Партыі БНФ.