Юрый Рубцоў два гады будзе на прафілактычным уліку
«Прайшоў дактыласкапію, узяў паперкі ў крымінальным вышуку і ў участковага, заўтра ўсё гэта здам у крымінальна-выканаўчую інспекцыю. Назіранне за мной будзе доўжыцца два гады», – паведаміў былы палітзняволены.
Як паведамляе БелаПАН, прафілактычны ўлік будзе ажыцяўляць крымінальна-выканаўчая інспекцыя Савецкага РАУС Гомеля.
Яму можна будзе перамяшчацца ўсюды, але калі паездка зацягнецца на месяц і больш, то неабходна будзе паведаміць аб гэтым у міліцыю з указаннем адрасу знаходжання. Таксама нельга ўчыняць адміністрацыйныя правапарушэнні. «А вось гэты пункт нялёгка выканаць, бо ў нас чалавек можа ісці па бязлюднай вуліцы сярод ночы і раптам пачаць лаяцца матам. Самі міліцыянеры могуць «арганізаваць» пры неабходнасці правапарушэнне. Так што свабода ў нас умоўная», – пракаментаваў Юрый Рубцоў.
Ён ужо рабіў спробы ўладкавацца на працу, але пакуль безвынікова. «У нас жа падатак на дармаедства, не ўладкуешся на працу – плаці дзяржаве грошы. Ніколі багатай не стане краіна, у якой грамадзяне – жабракі, але наш прэзідэнт гэтага не разумее», – падкрэсліў гамяльчанін.
Рубцову неабходна прайсці абследаванне ва ўмовах стацыянара з-за праблем з нагой, якія ўзніклі ў калоніі.
Пакінуць новы каментар