Як пазьбегнуць прэвентыўных арыштаў

Незаконныя адвольныя затрыманьні, хлусьлівыя сведчаньні міліцыянтаў і, як вынік, адміністратыўныя штрафы й арышты на жаль становяцца звыклай зьявай у нашай барацьбе. Але нават у такой няпростай сытуацыі менавіта ад Вас саміх залежыць - патрапіце Вы на суткі альбо прымусіце міліцыянта ці амапаўца захацець самому адчапіцца ад Вас.

Далей мы прапануем  некалькі парадаў, якія істотна дапамогуць Вам падчас непажаданых сустрэчаў зь міліцыяй.

ЗА ШТО ЗАТРЫМЛІВАЕЦЕ?!
Пры затрыманьні патрабуйце ў міліцыянтаў, каб яны назвалі сваё імя, прозьвішча й званьне; патрабуйце ў іх паказаць Вам службовае пасьведчаньне, бо надалей гэтыя дадзеныя Вам могуць спатрэбіцца пры абскарджваньні затрыманьня. Настойліва запытайце міліцыянтаў, па якой прычыне Вас затрымліваюць, папрасіце дакладна назваць артыкул Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях. Паспрабуйце запісаць усю інфармацыю! Гэты момант – адзін з найасноўнейшых у адміністрацыйным працэсе. Ведайце – затрымаюць дзеля высвятленьня асобы, а 15 сутак дадуць за нібы мацюкі й непадпарадкаваньне. Размаўляючы з міліцыянтамі, якія спрабуюць Вас затрымаць, гаварыце, што сябры, якія знаходзяцца разам з Вамі, калі спатрэбіцца, будуць сьведкамі ў судзе і распавядуць судзьдзе пра незаконныя дзеяньні міліцыянтаў. Калі ж нікога з Вашых сяброў побач не аказалася, запытайце ў мінакоў, каб яны папрысутнічалі сьведкамі пры Вашай размове зь міліцыяй, каб пры іх міліцыянты распавялі матывы й прычыны Вашага затрыманьня, і, напрыканцы, не забудзьце папрасіць іх пакінуць Вам на ўсялякі выпадак свой тэлефон. Бо можа атрымацца так, што Вам вельмі хутка прыйдзецца даказваць у судзе, чаму Вы ні з таго ні зь сяго пачалі махаць рукамі й брудна лаяцца на міліцыю.

ЯКОЕ ВЫСВЯТЛЕНЬНЕ АСОБЫ?
У міліцыянтаў ёсьць законнае права даставіць Вас у пастарунак з мэтай высвятленьня Вашае асобы й пратрымаць там тры гадзіны, але гэта толькі тады, калі ў Вас няма з сабою дакумэнтаў. Здараецца, што, нават калі Вы прад’явіце міліцыянтам свой пашпарт, яны раптам могуць знайсьці ў ім нібыта сьляды падробкі. У гэтым выпадку настойліва адзначце, што Вы паказалі свой асноўны дакумэнт, які пацьвярджае вашую асобу як грамадзяніна Беларусі, і адзначце, што будзеце пісаць скаргу ў пракуратуру на неабгрунтаванае затрыманьне. Верагодна, на гэтым размовы пра падарожжа ў пастарунак скончацца.

ВЫ - У ПАСТАРУНКУ? ПІШЫЦЕ СКАРГІ!
Калі ж Вас ўсё ж такі прывязуць у пастарунак, папрасіце ў каго-небудзь аркуш паперы й асадку і пачніце пісаць скаргі на міліцыянтаў з прычыны неабгрунтаванга й незаконнага затрыманьня. Патрабуйце, каб скаргі былі тэрмінова перададзеныя начальніку РУУСу і мясцоваму пракурору па нагляду за міліцыяй. Пры складаньні адміністратыўных пратаколаў (затрыманьня й правапарушэньня), патрабуйце ад супрацоўнікаў міліцыі, каб у пратаколе былі адлюстраваныя ўсе Вашыя заўвагі (ў пратаколе для гэтага ёсьць асобная графа), была апісаная Вашая вэрсія таго, што адбылося. Зафіксуйце тыя прычыны, паводле якіх Вас затрымалі (тое, што з самага пачатку затрыманьня сказалі Вам міліцыянты). Упішыце ў пратакол імёны ўсіх асобаў, якія былі сьведкамі Вашага затрыманьня і потым, ужо ў судзе, папрасіце судзьдзю выклікаць усіх іх на працэс.
 
Я ПАТРАБУЮ СВАЙГО АДВАКАТА!
Ведайце - Вы маеце права мець адваката з моманту непасрэднага затрыманьня. Вы можаце загадзьдзя падпісаць дамову з адвакатам, пры гэтым тлумачачы, што зьяўляецеся грамадзкім актывістам і маеце падставу лічыць, што Вас могуць затрымаць. Зьвярніцеся ў бліжэйшую адвакацкую кантору  пазнаёміцца зь некалькімі адвакатамі і ўзяць у іх нумары тэлефонаў. Патрабуйце ў супрацоўнікаў міліцыі магчымасьці зьвязацца са сваім адвакатам. Вялікая верагоднасьць, што пасьля таго, як міліцыянты даведаюцца пра тое, што Вы маеце асабістага адваката, у іх застанецца адно жаданьне –як мага хутчэй папрасіць у Вас прабачэньня і сыйсьці падалей ад ліха. У выпадку адмовы з боку міліцыянтаў Вам адваката – фіксуйце гэты факт у пратаколе аб адміністратыўным правапарушэньні й абавязкова зьвяртайце на гэта ўвагу судзьдзі падчас разгляду справы.

ВЫ – ГАЛОЎНАЯ НАВІНА!
І апошняе, заўсёды майце з сабою сьпіс тэлефонаў асноўных СМІ, знаёмых журналістаў. У выпадку Вашага затрыманьня адразу тэлефануйце ім і распавядайце пра акалічнасьці: імёны затрымаўшых Вас міліцыянтаў, месца (РУУС), куды Вас зьбіраюцца даставіць, прычыны й абставіны затрыманьня. Няхай міліцыянты ведаюць, што кожны замах на Вашыя правы і свабоды назаўжды зафіксуе ў гісторыі іхныя імёны.